Найбуйнейшыя палітычныя фракцыі ў Еўрапейскім парламенце паінфармавалі ў заяве, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі і заклікаюць правесці выбары па новаму, з кантролем незалежных назіральнікаў. Яны таксама асудзілі рэпрэсіі і гвалт, якія назвалі злачынствамі.
Ініцыятарам заявы быў кіраўнік фракцыі «Аднавіць Еўропу» Дакіян Чолаш. Акрамя яго, пад ёй падпісаліся лідары Еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў Рышард Лягутка і Рафаэль Фіто, старшыні Еўрапейскай народнай партыі, сацыялістаў і дэмакратаў, лідары Зялёных.
Еўрапейскія палітыкі адзначаюць, што выбары не былі сумленныя і свабодныя, а ў іх перамагла Святлана Ціханоўская. Палітыкі абвясцілі Аляксандра Лукашэнку persona non grata на тэрыторыі Еўразвязу і падтрымалі санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, адказных за насілле.
Еўрадэпутаты напісалі, што за рэпрэсіі і гвалт адказвае Аляксандр Лукашэнка, а гэтыя злачынствы павінны быць расследаваныя і асуджаныя. Палітыкі патрабуюць рашучай рэакцыі Еўразвязу на падзеі ў Беларусі, між іншым, скіравання спецыяльнай місіі ў Беларусь, спынення фінансавай падтрымкі ўраду Беларусі і стварэння праграм падтрымкі для рэпрэсаваных.
Кіраўнікі фракцый у заяве заклікалі таксама Расійскую Федэрацыю, каб яна ўстрымалася ад умяшальніцтва ва ўнутраную сітуацыю ў Беларусі і заклікалі еўразвязаўскія ўстановы і чалецкія краіны рашуча адказваць на ўсялякую расійскую актыўнасць па гэтым пытанні.
Страшнай сітуацыю ў Беларусі назваў Дональд Трамп. Прэзідэнт ЗША паінфармаваў, што яго ўрад будзе ўважліва сачыць за сітуацыяй:
-Гэта жахліва. Сітуацыя ў Беларусі – страшная. Мы будзем сачыць за падзеямі ў гэтай краіне вельмі ўважліва.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа паінфармаваў раней, што вядзе кансультацыі ў справе сітуацыі ў Беларусі з ЕЗ. Падчас нядаўняга візіту ў Варшаве ён абяцаў, што Амерыка будзе старацца як толькі можа дапамагаць беларускаму народу дасягнуць суверэнітэту і свабоды.
ав