Раённая пракуратура ў Гдыні прад'явіла суду абвінаваўчы акт супраць Аляксандра К., сына аднаго з польскіх бізнесменаў. Яго абвінавачваюць у нападзе на трох членаў тэлевізійнай групы дзяржаўнага тэлебачання TVP у кастрычніку мінулага года, пасля ператрусу ў доме яго бацькі, бізнесмена Рышарда Краўзэ ў Гдыні, чытаем на сайце niezalezna.pl.
Здарэнне адбылося 15 кастрычніка мінулага года. Перад домам бізнесмена сабраліся журналісты мясцовых і агульнанацыянальных СМІ. Увечары агенты Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро вывялі Краўзэ і павезлі ў Познань. Прадпрымальніка і іншых 11 чалавек падазраюць ва ўдзеле ў вывадзе 90 мільёнаў злотых з біржавой кампаніі Polnord.
Калі пасля затрымання каманда TVP усё яшчэ працавала на месцы, туды прыехаў сын бізнесмена, Аляксандар К. У выніку абмену меркаваннямі Аляксандар К. распачаў бойку і адштурхнуў аднаго з пацярпелых, журналіста TVP, рукамі, што парушыла яго фізічную недатыкальнасць. Праз некалькі хвілін абвінавачаны схапіў аператара TVP за вопратку і пачаў тузаць, а потым ударыў кулаком па галаве. Пацярпелы ўпаў на зямлю, потым Аляксандр К. ударыў яго нагой па галаве, – сказала прэс-сакратар раённай пракуратуры ў Гданьску Гражына Ваўрынюк.
Абвінавачанне сцвярджае, што Аляксандр К., ужываючы гвалт у дачыненні да двух журналістаў TVP, прымусіў іх пакінуць агульнадаступную зону перад домам. Аляксандр К. прызнаўся, што нанёс пацярпеламу ўдары кулакамі і нагамі ў рэакцыі на затрыманне яго бацькі Рышарда К. Абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым у здзяйсненні іншых меркаваных дзеянняў. Аляксандру К. пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.
niezalezna.pl/аев