Блакаванне Інтэрнэту ў Беларусі выклікала адваротны эфект, чым планавалі ўлады – рост рэвалюцыйнага настрою. Да такой высновы прыйшла каманда экспертаў.
У чацвер на сайце НАТА, прысвечаным стратэгічным камунікацыям, быў апублікаваны даклад экспертаў аб блакаванні Інтэрнэту ў Беларусі. Блакаванне сеціва стала адным з ключавых каталізатараў рэвалюцыйных падзей у краіне. Дакумент падрыхтавалі эксперты міжнароднай арганізацыі, якая займаецца пытаннямі бяспекі iSANS (International Strategic Action Network for Security).
Летась спецслужбы Беларусі спрабавалі рэалізаваць першую ў еўрапейскай гісторыі поўную блакіроўку доступу да сеткі Інтэрнэт у межах асобна ўзятай дзяржавы, што стала аб’ектам вывучэння экспертаў, – гаворыць выканаўчы дырэктар iSANS Улад Кобец.
- Даследаванне ахапіла перыяд са жніўня па лістапад. Галоўная выснова – заблакаваць Інтэрнэт у Беларусі цалкам немагчыма. Улады прадпрымалі такія спробы, але Беларусі стала другой краінай пасля Ірану па колькасці карыстальнікаў праграмнага абсталявання, распрацаванага ўніверсітэтам у Таронта, якое дазволіла карыстацца Інтэрнэтам. Пачалі карыстацца Тэлеграм-каналамі, псіфонам, што дазволіла стварыць чацвёртую галіну ўлады ў Тэлеграме. Улады ў Кітаі, у Іране спрабавалі блакаваць Інтэрнэт, іх досвед таксама паказваў марнасць іх намаганняў. Людзі знайшлі выйсце.
З 9 па 13 жніўня спецслужбы Беларусі па прамым загадзе Аляксандра Лукашэнкі паспрабавалі пазбавіць грамадзян магчымасці каардынаваць мірныя пратэсты і прадухіліць распаўсюд інфармацыі аб запланаваных уладамі забойствах і катаваннях мірных пратэстуючых. Насуперак спадзяванням кіраўніцтва Беларусі, блакаванне Інтэрнэту ў жніўні 2020 выклікала адваротны эфект, – працягвае госць нашага эфіру.
- Самая жорсткая блакіроўка была першыя чатыры дні. Калі блакіроўка скончылася, Інтэрнэт запоўнілі відэазапісы, якія паказвалі гвалт з боку міліцыі, гэта выклікала яшчэ большыя пратэсты. Калі ды выбараў лічылася, што ўсталяванне праграмнага абсталявання, як псіфон, залішняе, то пазней стала зразумела, што гэта адзінае выйсце. Было спампавана звыш мільёна такіх прыстасаванняў. Былі ўжытыя таксама іншыя магчымасці абыходу абмежаванняў. Гэта значыць, што ступень адукацыі людзей у ІТ-краіне аказалася значна вышэй, чым думалі ўлады.
Блакаванне Інтэрнэту прывяло да сур'ёзных эканамічных страт, поўнай затрымкі лічбавай эканомікі. Гэта паралізавалі працу дзяржавы і прымусіла ўлады аднавіць доступ у Інтэрнэт. Досвед падзей канца лета і восені павінен таксама стаць урокам для заходніх кампаніяў, – мяркуе Улад Кобец.
- Эканамічныя страты для дзяржавы складалі больш за 50 млн. долараў у дзень. Аднак яшчэ раз падкрэслю – галоўная выснова: заблакаваць Інтэрнэт не ўдалося. Канешне, мы ўсе чакаем Інтэрнэту з космасу, тады дзяржава агулам не магла б блакаваць доступ. Але мы таксама звяртаем увагу заходніх кампаній, якія прадавалі Беларусі абсталяванне, што дазваляла блакіроўку. Мэсыдж для заходніх карпарацый – не прадаваць такое абсталяванне Беларусі або адклікаць ліцэнзіі і скончыць супрацу.
Нягледзячы на пацверджаную ўстойлівасць жыхароў на блакаванне сеціва, каманда iSANS рэкамендуе ажыццявіць тэставанне тэхналогіі нізкаарбітальнага спадарожнікавага інтэрнэту над тэрыторыяй Беларусі.
нг