Беларуская Служба

У Чэхіі беларуса асудзілі на 21 год за ўдзел у баях у Данбасе

22.07.2021 17:27
Вышэйшы суд прызнаў, што беларус павінен адказваць за тэрарызм.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

У чацвер Апеляцыйны суд у Празе вынес больш жорсткі прысуд па справе беларуса Аляксея Фадзеева, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне. Суд прысудзіў яго да 21 года пазбаўлення волі замест чатырох з паловай гадоў, прызначаных судом першай інстанцыі ў 2020 годзе.

Мінулай восенню Пражскі гарадскі суд асудзіў 42-гадовага Фадзеева, які гадамі жыў у Чэхіі, за ўдзел у злачыннай групоўцы. Мужчына прызнаўся ва ўдзеле ў дапаможных мерапрыемствах у канфлікце на Данбасе і адмаўляў, што непасрэдна ўдзельнічаў у баях. Пазней ён абскардзіў прысуд.

Вышэйшы суд перакваліфікаваў справу і прызнаў, што беларус павінен адказваць за тэрарызм, у чым ён быў першапачаткова абвінавачаны, і прысудзіў яго да 21 года паводле абвінавачання, Фадзееў далучыўся да баявых дзеянняў «з намерам актыўна падтрымліваць сепаратысцкія групоўкі на ўсходзе Украіны». Паводле звестак пракуратуры, мужчына некалькі разоў выязджаў ва Украіну ў перыяд з кастрычніка 2014 года па май 2016 года.

Прысуд канчатковы, але Фадзееў усё яшчэ можа звярнуцца ў Вярхоўны суд.

ав