Беларуская Служба

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская: Я не адчуваю, што ўсё тут забіта і зруйнавана

15.09.2021 14:31
Праваабарончую арганізацыю «Звяно» чакае ліквідацыя. 14 верасня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыйную скаргу «Звяна» на пастанову Мінскага гарадскога суда, які месяц таму пагадзіўся з папярэджаннямі, што вынесла «Звяну» Міністэрства юстыцыі.
Аўдыё
  • Каментар Таццяны Гацуры-Яворскай
 -
Таццяна Гацура-ЯворскаяФота: Даша Сапранецкая / Facebook

У чэрвені Мінюст Беларусі вынес папярэджанне праваабарончай арганізацыі «Звяно». Сярод выказаных прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадская арганізацыя нібыта не мела права на маніторынг сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці, працы па барацьбе з COVID-19.

Верагодна, у хуткім часе ў Мінскім гарадскім судзе адновіцца працэс аб ліквідацыі арганізацыі, які пачаўся ў жніўні і быў прыпынены на час разгляду апеляцыйнай скаргі.

Таццяна Гацура-Яворская распавяла пра сакрэтны дакумент у судовай справе арганізацыі:

"Мы даведаліся на адным паседжанні па ліквідацыі арганізацыі, што існуе нейкі сакрэтны ліст для службовага карыстання, дзе напісана, што наша арганізацыя займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю. Гэта было агучана прадстаўніком мінюста ў судзе. Але сам ліст мы не бачылі, бо яго няма ў матэрыялах справы, ёсць толькі запіс, што суддзя азнаёмілася. Таму чакаем аднаўлення працэсу па ліквідацыі арганізацыі".

У 2020 годзе «Звяно» правяло маніторынг працы сістэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Напрыканцы сакавіка гэтага года была арганізаваная фотавыстава, прысвечаная беларускім медыкам, якія змагаліся з COVID-19 пад назвай «Машына дыхае, а я – не». Але яна працавала толькі два дні. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся прадстаўленыя здымкі пра тое, як у жніўні мінулага года медыкі сутыкнуліся з гвалтам з боку сілавікоў.

Пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Таццяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Таццяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла з СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе аб «фінансаванні беспарадкаў» (ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Ёй пагражае да трох гадоў зняволення. Сям'я Таццяны была вымушаная выехаць ва Украіну, а праваабаронца застаецца ў Беларусі:

"Мая сям’я знаходзіцца ва Украіне, мы амаль паўгода не бачыліся, яны наладжваюць там сваё жыццё без мяне. Я перахварэла на COVID-19 і ў мяне ёсць праблемы са здароўем, зафіксаваныя ў медыцынскіх дакументах. Мне было рэкамендавана лячэння, я з’яўлялася з хадайніцтвам да следчага, каб ён дазволіў выехаць на 11 дзён па медыцынскіх паказчыках. Але мне было адмоўлена, хаця я вельмі спадзявалася ўбачыць сваю сям’ю хаця б на кароткі тэрмін. І на мае пытанні, калі будуць нейкія зрухі ў справе, нейкія следчыя дзеянні, следчы мне нічога паведаміць не змог".

Канешне, сітуацыя пагоршылася. Але я не адчуваю, што ўсё тут забіта і зруйнавана.

А вось што Таццяна гаворыць пра магчымасці для працы грамадскіх аб’яднанняў цяпер:

"Цяжка, калі ты ў гэтым знаходзішся, не валодаеш усёй інфармацыяй. Канешне, можна сказаць агулам, што ўмовы працы значна пагоршыліся, шмат людзей з’ехала з краіны. Канешне, дзейнасць грамадскага сектара не такая актыўная, як была. Людзі шукаюць новыя формы, таму што зноў жа закрываюцца пляцоўкі, людзей садзяць у турму. Канешне, сітуацыя пагоршылася. Але я не адчуваю, што ўсё тут забіта і зруйнавана. Хаця, безумоўна, колькасць грамадскай працы значна паменшылася з-за ўмоў, якія тут створаныя".

Грамадскай арганізацыі «Звяно» 8 гадоў. За гэты час было рэалізавана мноства сацыяльных, асветніцкіх і праваабарончых праектаў.

ВХ