Беларускае культурнае таварыства «Хатка» ў Гданьску ўжо 35 гадоў працуе над захаваннем мовы, культуры і нацыянальнай свядомасці беларусаў Паморскага рэгіёну Польшчы. Арганізацыя аб’ядноўвае як аўтахтонных беларусаў Падляшша, якія перасяліліся сюды пасля Другой сусветнай вайны, так і новую хвалю эміграцыі.
Пра тое, як суіснуюць гэтыя супольнасці, Беларуская служба паразмаўляла з заснавальніцай «Хаткі», даследчыцай нацыянальных меншасцяў, прафесаркай Гданьскага ўніверсітэта Аленай Глагоўскай.
Паводле яе, пасля 2020 года ў Польшчы з’явілася новая, вельмі разнастайная беларуская дыяспара.
— Паводле афіцыйных дадзеных, тут, на Памор'і больш за 10 тысяч беларусаў. Тыя, хто хоча, прыходзяць, удзельнічаюць, цікавяцца і такіх нямала, — адзначае яна. — Найперш актыўнымі застаюцца беларускамоўныя і тыя, хто шукае культурнай і сацыяльнай інтэграцыі. Пры гэтым адаптацыя не заўсёды простая. Я сама сюды прыехала з Беласточчыны і памятаю, што таксама трэба было прызвычаіцца да новага жыцця, — кажа Глагоўская. — Таму «Хатка» выконвае не толькі культурную, але і інтэграцыйную ролю.
Сярод бліжэйшых планаў арганізацыі — новыя культурныя ініцыятывы. У прыватнасці, ідэя ўшанаваць пісьменніка Янку Брыля ў Гдыні, дзе ён ваяваў у 1939 годзе, а таксама выданне яго твораў у польскім перакладзе. Разглядаецца і публікацыя двухмоўных успамінаў пра жыццё на Астравеччыне.
Нягледзячы на працяглую дзейнасць і салідны ўзрост пакалення заснавальнікаў таварыства, «Хатка» мае пераемнасць.
— Ёсць маладыя людзі, і яны ўжо ўмеюць працаваць з новымі тэхналогіямі. Гэта радуе, — падкрэслівае прафесарка. — Маладыя беларусы арганізуюць літаратурныя сустрэчы і культурныя падзеі, працягваючы традыцыі старэйшага пакалення.
Асобна Глагоўская звяртае ўвагу на пытанне мовы і ідэнтычнасці. На яе думку, нават ва ўмовах няспыннай русіфікацыі беларускія сэнсы не знікаюць і знаходзяць новых носьбітаў у новых пакаленнях.
— Гэта справа свядомасці. Калі яна ёсць, чалавек усё роўна вяртаецца да свайго, — адзначае яна.
Прафесарка таксама раіць беларусам за мяжой карыстацца роднай мовай.
— Размаўляйце па-беларуску, бо ў Польшчы, калі гаворыш па-руску, цябе часта ўспрымаюць як расіяніна. І стаўленне адпаведнае.
На думку даследчыцы, гісторыя пацвярджае трываласць беларускай культуры.
— Інтэлігенцыю знішчалі, але Беларусь усё роўна адрадзілася ў 1990-я. Значыць, гэты працэс працягваецца і цяпер. І зноў будзе адраджэнне, — кажа прафесарка Глагоўская, дадаючы аптымізма на завяршэння размовы: «Беларусь жыве і будзе жыць».
эж