Тэлемедыцына – гэта не адзіны пераможца часоў пандэміі ў галіне аховы здароўя. Пандэмія COVID-19 значна паскорыла ўкараненне тэлемедыцыны ў ветэрынарыю. Зараз усё часцей таксама жывёлам аказваюць дапамогу ў дыстанцыйным рэжыме. Паводле выдання Rzeczpospolita, у бліжэйшыя гады кошт ветэрынарных паслуг, аказаных з выкарыстаннем тэлемедыцынскіх тэхналогій вырасце на 18% у глабальным маштабе.
Пандэмія і рост папулярнасці тэлемедыцынскіх тэхналогій у практычнай ахове здароўя не абмінулі таксама ветэрынарнага рынку, вартасць якога ў Польшчы ацэньваецца ў больш за 2 мільярды злотых.
Дадзеныя Grand View Research паказваюць, што кошт маладога глабальнага рынку догляду за хатнімі жывёламі ў мінулым годзе склаў амаль 120 мільёнаў долараў. Паводле прагнозаў, у перыядзе 2022–2030 гады, ён павінен расці прыкладна на 18% штогод.
Цытаваны газетай старшыня Pets Diag Марцін Мацёнг адзначае, што на пачатку пандэміі з-за страху перад кавідам польскія ветэрынары фіксавалі падзенне колькасці пацыентаў нават на 40 працэнтаў. Адначасова, з-за ізаляцыі, усё больш асобаў вырашылі ўзяць сабе жывёлу-кампаньёна. У выніку, як паказваюць дадзеныя пошукавай сістэмы Google, на працягу ўсёй пандэміі назіралася павышана зацікаўленасць інтэрнэт-карыстальнікаў катэгорыяй «ветэрынар».
Паводле Марціна Мацёнга, ветэрынарны рынак заўважыў згаданы попыт і пачаў рэагаваць на яго. Дарэчы, гэта адбылося, нягледзячы на даручэнні Прэзідыума Нацыянальнага медыка-ветэрынарнага савета, які ў сакавіку 2020 года палічыў аказанне ветэрынарных паслуг праз інтэрнэт непрымальнай практыкай, паведамляе Rzeczpospolita.
аз