Пераважная большасць грамадзян Украіны (78%), якія знаходзяцца ў Польшчы, заяўляюць, што ўладкаваліся на працу. Аднак, сярод даваенных мігрантаў працэнт занятых вышэйшы (на 12%), чым сярод ваенных бежанцаў. Гэта вынік, перш за ўсё, лепшага ведання польскай мовы, паведамляе агенцтва PAP са спасылкай на даследаванні, праведзеныя Міграцыйнай платформай EWL, Фондам EWL і Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.
Паводле аўтараў справаздачы, Польшча вельмі паспяхова працаўладкоўвае ўцекачоў з Украіны.
«Дзякуючы праграмам навучання і падтрымцы польскіх працадаўцаў, грамадзяне Украіны маюць магчымасць вывучаць польскую мову і атрымліваць новыя кваліфікацыі, якія дазволяць ім працаваць па сваёй прафесіі, а таксама ўмацоўваць польскі рынак працы, у тым ліку шляхам працаўладкавання ў ключавых з яго пункту гледжання сектарх эканомікі», – каментуе вынікі даследавання старшыня Міграцыйнай платформы EWL Анджэй Коркус.
Тым не менш, паводле даследавання, толькі 35% грамадзян Украіны, якія працуюць у Польшчы, займаюць пасады, якія адпавядаюць іх прафесійным кампетэнцыям. Паводле аўтараў справаздачы, можна чакаць, што тая частка ўцекачоў, якая вырашыла застацца ў Польшчы даўжэй, павысіць веданне польскай мовы і ў перспектыве знойдзе працу, якая адпавядае іхным кампетэнцыям.
«У інтарэсах польскай эканомікі, каб гэтая група працаўладкавалася па раней набытай кваліфікацыі», – падкрэслівае Анджэй Коркус.
Эксперты нагадваюць, што Польшча прыняла больш украінскіх бежанцаў, чым любая іншая краіна Еўропы.
аз