Значэнне вадароду ў сусветнай эканоміцы расце, але Польшча спазняецца з яго выкарыстаннем, – чытаем у сераду на старонках газеты Rzeczpospolita.
Польшча з'яўляецца трэцім вытворцам вадароду ў Еўрасаюзе (пасля Германіі і Нідэрландаў) з гадавой вытворчасцю 1,3 млн тон, а развіццё прадпрыемстваў, заснаваных на вадародзе, будзе падсілкоўвацца васьмю вадароднымі далінамі, якія дзейнічаюць у краіне. Аднак хуткасць распаўсюджвання гэтага паліва занадта нізкая.
«Нам неабходна тэрмінова павялічыць інвестыцыі ў даследаванні вадародных тэхналогій, каб ісці ў нагу з ростам значэння гэтага сектара на міжнароднай арэне», – падкрэслівае Польскі інстытут эканомікі (PIE) у сваёй справаздачы «Гонка за вадародам. Краіны і іхныя вадародныя стратэгіі», атрыманай выданнем Rzeczpospolita.
У 2022 годзе толькі 3,1% дзяржаўных выдаткаў на даследаванні ў Польшчы тычыліся энергетычнага сектара, у той час як у іншых краінах, звязаных з Міжнародным энергетычным агенцтвам, гэты паказнік складаў больш за 12%.
Дзяржаўныя выдаткі на даследаванні, звязаныя з вадароднымі тэхналогіямі і паліўнымі элементамі, у 2022 годзе склалі ўсяго 22,3 млн злотых (5 млн еўра). У вытворчасці вадароду асабліва важна развіццё электролізу з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі.
ЕС прагназуе, што гадавая вытворчасць зялёнага вадароду пасля 2030 года дасягне 10 млн тон штогод. Кошт неабходных інвестыцыяў у аднаўляльныя крыніцы энергіі ацэньваецца ў 430 млрд еўра.
Між тым у Польшчы большасць складае г. зв. шэры вадарод, які вырабляецца на прамысловых прадпрыемствах і выкарыстоўваецца тамжа – у асноўным хімічнай, нафтаперапрацоўчай і харчовай прамысловасцю. Большасць вадароду выкарыстоўваецца для перапрацоўкі сырой нафты і вытворчасці аміяку.
Згодна з мапай інвестыцыяў у вадарод, падрыхтаванай Агенцтвам прамысловага развіцця Польшчы, цяпер у інвестыцыі ў вадарод задзейнічаныя 74 суб’екты – ад невялікіх установак, такіх як вадародныя заправачныя станцыі, да транспартных сродкаў, праз навукова-даследчыя інстытуты да найбуйнейшых кампаній на польскім паліўным і энергетычным рынку.
эж