Беларуская Служба

Новы прэзідэнт прапануе змяніць прынцыпы індэксацыі пенсій

22.07.2025 07:15
Не ўсе будуць задаволены.
.      .
Ілюстрацыя. Прэзідэнт прапануе іншую сістэму індэксацыі пенсій.Фота: Marek BAZAK/East News

Караль Наўроцкі, які неўзабаве ўступіць на пасаду прэзідэнта, заявіў аб сур'ёзных зменах у індэксацыі пенсій і дапамог па інваліднасці. Ён хоча, каб самыя нізкія выплаты раслі кожны год, незалежна ад інфляцыі ці павышэння заработнай платы – чытаем на сайце Forsal. Законапраект плануюць падаць у Сейм яшчэ ў гэтым годзе.

Згодна з новым механізмам індэксацыі, які мог бы ўступіць у сілу ў сакавіку 2026 года, мінімальная пенсія павялічыцца да 2028,91 злотых брута, і штогод выплаты будуць расці як мінімум на 150 злотых брута. Гэта зусім новы спосаб разліку індэксацыі — незалежна ад інфляцыі ці сярэдняй заработнай платы, што павінна абараніць пажылых людзей ад рэальнага падзення іх пенсій.

Эксперты адзначаюць, што такое рашэнне было б выгадным для людзей з самымі нізкімі пенсіямі. Для іх павелічэнне паводле новай сістэмы будзе вышэйшым, чым пры цяперашняй працэнтнай індэксацыі. Напрыклад, пенсіянер, які атрымлівае 2028,91 злотых, будзе атрымліваць штогод прыкладна на 136,50 злотых больш, чым калі б індэксацыя адбывалася па ранейшых правілах. Аднак не ўсе пенсіянеры будуць задаволеныя рэформай Наўроцкага. Людзі з больш высокімі пенсіямі могуць страціць — іх індэксацыя будзе меншай.

Сёння індэксацыя праводзіцца штогод у сакавіку. Яна разлічваецца паводле ўзроўню інфляцыі і заработнай платы. Прагнозы на 2025 год паказваюць на павелічэнне пенсій на 4,9%, што для самай нізкай пенсіі азначае рост на 92,07 злотых.

Эксперты, у тым ліку доктар Марцін Ваевудка з Пенсійнага інстытута, адзначаюць, што прапанаваныя Наўроцкім змены азначаюць павелічэнне выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту. Сёння індэксацыя пенсій каштуе прыкладна 20 мільярдаў злотых штогод. Новая сістэма павялічыць гэтыя выдаткі на некалькі дадатковых мільярдаў злотых. З-за дэфіцыту Фонду сацыяльнага страхавання грошы павінны былі б быць выдзелены з дзяржаўнага бюджэту, на што патрэбная згода ўрада і парламента.

Тым часам урад мае свой уласны план. Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі разглядае магчымасць увядзення дадатковай восеньскай індэксацыі — у верасні, калі інфляцыя ў першай палове года перавысіць 5%.

Forsal/нг