Як і іншая зніклая Анжаліка Мельнікава, Котаў прапаў за мяжой. Кейс Котава актуалізаваў пытанне бяспекі для беларускіх дэмакратычных актывістаў. Наведванне краіны Трэцяга свету можа быць пагрозай, кажа наш аглядальнік Павал Усаў.
Ужо шосты дзень няма звестак пра былога працаўніка МЗС Беларусі ды прэзідэнцкай адміністрацыі Анатоля Котава. Пасля пратэстаў 2020-га года ён уцёк з Беларусі і далучыўся да дэмакратычнай апазіцыі, быў некаторы час правай рукой Паўла Латушкі. Потым «цалкам выйшаў з даверу» і спрабаваў стварыць кааліцыю з Валерыем Цапкалам і Вольгай Карач. Цяпер знік пасля таго як паехаў У Турцыю. 24 жніўня ён меў вярнуцца ў Варшаву з Стамбулу і не прыляцеў.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.
«У чацвер раніцай, 21 жніўня, наш калега Анатоль Котаў вылецеў з Варшавы ў Стамбул па асабістых пытаннях. Увесь дзень быў на сувязі з роднымі і калегамі. У чацвер пасля 21.30 па польскім часе перастаў выходзіць на сувязь. З таго моманту на сувязь больш не выходзіў».
Родныя палітыка падалі заяву аб яго знікненні ў турэцкую паліцыю. У сваю чаргу @nashaniva паведаміла, што Анатоль Котаў пасля эміграцыі бываў у Турцыі і вяртаўся без праблем.
Знікненне Котава – гэта ўжо другі падобны выпадак сёлета ў асяроддзі беларускай апазіцыі. Пры канцы сакавіка знікла спікерка Кардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Гэта чарговы напамін для актывістаў, што па-за межамі Еўрасаюза можа быць небяспечна, кажа палітолаг Павал Усаў.
— Турцыя небяспечная краіна для беларускіх актывістаў, як і ўсё іншыя краіны Трэцяга свету, якія не ўваходзяць у дэмакратычны блок. Паездка туды – вялізарная рызыка для ўсіх супраць каго ўзбуджаныя крымінальныя справы ў Беларусі ў межах рэжымнага заканадаўства.
Гэта можа быць не толькі пераслед апазіцыі, але сігнал дзяржаўнаму апарату ў Беларусі, што той, хто сышоў будзе заўсёды пакараны, зазначае эксперт.
— Такія атакі на былых дзеячаў сістэмы – гэта дэманстрацыя для самой сістэмы, для ўсіх тых, хто ўмоўна намагаўся кудысьці з’ехаць ці перайсці на другі бок. Улады дзейнічаюць больш жорстка ў дачыненні да былых сваіх. Гэтая мадэль дзеянняў характэрна не толькі для Беларускага рэжыму. У ХХ-м стагоддзі шмат аўтарытарных рэжымаў ладзілі спецаперацыі па ліквідацыі палітычных апанентаў. Асабліва ў гэтым адзначаўся СССР, а потым Расія.
Аўтарытарныя рэжымы працягваюць пераслед нават за мяжой і таму трэба захоўваць асцярожнасць, нагадвае эксперт.
Юры Ліхтаровіч