На працягу наступных сямі гадоў Латвіі спатрэбіцца 7 мільярдаў еўра на ўмацаванне ўсходняй мяжы з Расіяй і Беларуссю, якая таксама з'яўляецца знешняй мяжой ЕС, заявіў прэмʼер-міністр Латвіі Андрыс Кульбергс.
— Мы трацім найбольш, мы інвестуем найбольш і ў той жа час нясем найбольшыя выдаткі, — заявіў прэмʼер-міністр Латвіі падчас Рыжскага бізнес-форуму, які прайшоў у сераду.
Ён нагадаў, што Латвія выдзяляе на абарону прыкладна 5-6% свайго ВУП. Аднак, заявіў ён, нават такіх выдаткаў будзе недастаткова для абароны знешняй мяжы ЕС ад агрэсараў.
Ён таксама прызнаў, што значная частка нацыянальнага бюджэту траціцца на ваенную тэхніку, у тым ліку замоўленую ў вытворцаў Францыі, Германіі, Швецыі, Нідэрландаў і Фінляндыі, што ўяўляе сабой прыток грашовых сродкаў для ўзбраення гэтых краін.
Кульбергс нагадаў, што, паводле разлікаў Еўрапейскай камісіі, эканоміка Латвіі пацярпела ад наступстваў расійска-ўкраінскай вайны прыкладна на 1,8% ВУП.
— Гэта геапалітычнае пакаранне, якое вынікае з размяшчэння побач з агрэсарам, наступства абмежаванага турызму і скарачэння інвестыцый проста таму, што краіна знаходзіцца ў памежнай зоне, — сцвярджаў ён.
У той жа час ён дадаў, што з 2022 года Рыга ўжо выдаткавала адзін мільярд еўра на бяспеку сваёй усходняй мяжы (у тым ліку будаўніцтва памежнай агароджы супраць нелегальнай міграцыі, умацаванне і ўзмацненне тэрыторый у межах Балтыйскай лініі абароны, а таксама развіццё дарожнай інфраструктуры).
Прэмʼер-міністр таксама заклікаў да выпрацоўкі агульнай пазіцыі сярод краін усходняга флангу ў будучых перамовах па шматгадовай фінансавай праграме ЕС.
— Наша агульная мэта — атрымаць большую падтрымку ЕС для нашага рэгіёна, таму што толькі моцная эканоміка можа забяспечыць моцную абарону, — заявіў ён.
Кулбергс заняў пасаду прэмʼер-міністра пасля падзення ўрада Эвікі Сілінай у канцы мая, за чатыры месяцы да парламенцкіх выбараў, запланаваных на 3 кастрычніка.
Уся ўсходняя мяжа Латвіі складае 456,6 км, з якіх 283 км прыпадае на Расію і 173 км — на Беларусь.
PAP/ав