Грэнландыя і Антарктыда з 1970-х гадоў страцілі каля 11 трыльёнаў тон лёду, што ўжо прывяло да росту ўзроўню Сусветнага акіяна больш чым на 3 см. Такія вынікі паказала найбуйнейшае на сёння спадарожнікавае даследаванне, якое ахоплівае амаль паўстагоддзя назірання — Ice Sheet Mass Balance Intercomparison Exercise (IMBIE).
Навукоўцы прааналізавалі дадзеныя 27 спадарожнікавых місій. На Грэнландыю прыпадае рост узроўню мора на 1,81 см, на Антарктыду — яшчэ 1,33 см. Разам гэтыя два рэгіёны цяпер забяспечваюць каля чвэрці глабальнага росту ўзроўню мора.
Пры гэтым тэмпы страты лёду рэзка паскорыліся. Грэнландыя ў 1980-х губляла каля 60 млрд тон лёду ў год, а ў 2010–2019 гадах — ужо 264 млрд тон. У Антарктыдзе паказчык вырас з 48 млрд да 202 млрд тон у год.
Больш за 80% страчанага лёду трапіла ў акіян праз паскарэнне руху ледавікоў, а не толькі праз паверхневае раставанне. Гэта павялічвае рызыку далейшага росту ўзроўню мора і прыбярэжных паводак.
pap/эж