Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла за поўную адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Заява прагучала напярэдадні Тыдня супраць смяротнага пакарання, які Праваабарончы цэнтр «Вясна» правядзе з 5 па 10 кастрычніка.
— Чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць. Смяротнаму пакаранню няма і не можа быць месца ў прававой і дэмакратычнай дзяржаве, — заявіла палітык і падзякавала праваабаронцам «Вясны», якія шмат гадоў выступаюць за адмену вышэйшай меры пакарання і падтрымліваюць увагу грамадства да гэтай тэмы.
Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе смяротнае пакаранне не толькі прадугледжана заканадаўствам, але і прымяняецца. Прысуды выконваюцца праз расстрэл, а дата пакарання загадзя не паведамляецца асуджаным і іх сваякам. Целы пакараных сем’ям не выдаюць, месца пахавання не раскрываюць.
эж