Польскія даследчыкі назвалі імёны чарговых ахвяр таталітарных рэжымаў – гітлераўскага ды сталінскага. Цырымонія ўручэння ідэнтыфікацыйных дакументаў адбылася ў Прэзідэнцкім палацы ў аўторак 27-га кастрычніка, у ёй узялі ўдзел сем'і ідэнтыфікаваных ахвяр, прадстаўнікі прэзідэнта і кіраўніцтва Інстытуту нацыянальнай памяці. Перад прысутнымі выступіў дзяржаўны сакратар у Канцылярыі прэзідэнта Польшчы міністр Войцех Каларскі, які прачытаў ліст ад прэзідэнта Караля Наўроцкага.
— З даўніх часоў, з пачатку цывілізацыі, людзі імкнуліся годна развітацца са сваімі памерлымі або забітымі. Можна сказаць, што пахавальныя абрады зʼяўляюцца аднымі з праяў паводзін, якія вызначаюць чалавечнасць. Адмаўляючы гэтае фундаментальнае права забітым і іх семʼям, забойцы вашых блізкіх прадэманстравалі сваю нялюдскасць. Яны не дазвалялі годна пахаваць сваіх ахвяр, хаваючы іх таемна. Месцы, дзе былі знойдзены іх парэшткі, утвараюць карту пераследаванай Польшчы. Салдаты WiN (Свабоды і Незалежнасці), НЗВ (Нацыянальнага вызвальнага саюзу), падпольнага корпуса Арміі Краёвай ды іншых. На іх магілах не дазвалялася ставіць крыжы, каты хацелі, каб пра іх забылі, сцерлі з нацыянальнай памяці, нават з памяці будучых пакаленняў. Дзякуючы намаганням незалежнай Польшчы гэтага не адбылося.
Сярод сем’яў, якія атрымалі пасведчанні аб ідэнтыфікацыі сваіх продкаў былі блізкія жаўнераў і падпольшчыкаў Казімежа Дуды ды Рамана Дрэвулюса.
— Станіслаў Дуда быў арыштаваны 29 кастрычніка 1945 года супрацоўнікамі міліцыі з Патварова. Парэшткі Станіслава Дуды былі знойдзены 12 лістапада 2024 года падчас эксгумацыі, праведзенай Інстытутам нацыянальнай памяці (IPN) на рымска-каталіцкіх могілках на вуліцы Ліманоўскага ў Радаме. Раман Дрэвулюс быў арыштаваны 19 красавіка 1944 года супрацоўнікамі нямецкага рэпрэсіўнага апарата па абвінавачванні ў прыналежнасці да польскага руху Супраціву. Парэшткі Рамана Дрэвулюса былі знойдзены 5 лістапада 2020 года падчас эксгумацыі, праведзенай Інстытутам нацыянальнай памяці (IPN) у Форце III у Памяхувеку.
Віцэ-прэзідэнт Інстытуту нацыянальнай памяці і дырэктар Упраўлення пошуку і ідэнтыфікацыі прафесар Кшыштаф Швагжык зазначыў важнасць адкрыцця.
— Мы змаглі ідэнтыфікаваць ахвяры нямецкіх, камуністычных і савецкіх злачынстваў, іх імёны, твары і біяграфіі названыя ў асаблівы час — напярэдадні Дня ўсіх святых. Гэта важна для семʼяў, якім неўзабаве не трэба будзе запальваць свечкі ў сімвалічных месцах, а ў рэальных, бо парэшткі іх блізкіх, якія ўсе гэтыя гады лічыліся зніклымі без вестак, былі знойдзены і ідэнтыфікаваныя.
Падчас сённяшняй цырымоніі таксама было абвешчана імя польскага салдата, які загінуў у баях з немцамі пад Львовам у 1939 годзе. Усяго эксперты Інстытуту нацыянальнай памяці ідэнтыфікавалі 311 чалавек.
Апроч таго Інстытут нацыянальнай памяці знайшоў парэшткі ахвяр нямецкага канцлагера ў Лодзі — гэта целы чатырох падлеткаў, якія знаходзіліся ў зняволенні на вуліцы Пшэмысловай.
— Гэта вынік эксгумацыйных работ, праведзеных на могілках Курчакі ў Лодзі, — кажа доктар Кшыштаф Латоха з пошукавага бюро IPN. — Тэрыторыя, дзе вядуцца працы вельмі складаная, бо яна зʼяўляецца часткай дзеючых могілак з густой сеткай сучасных пахаванняў. Пад гэтымі магіламі мы павінны знайсці парэшткі ахвяр нямецкага тэрору.
Пасля аналізу IPN вызначыў, што парэшткі належаць хлопчыкам ва ўзросце 12, 13, 15 і 17 гадоў. Усе памерлі ў 1944 годзе ад знясілення і туберкулёзу.
— Гэта першыя эксгумацыі гэтай восенню, але праца на могілках Святога Адальберта яшчэ не скончана, — кажа доктар Кшыштаф Латоха. — Мы працягваем шукаць новыя месцы пахаванняў, таму гэта не канец працы. Нашыя пошукі працягнуцца ў будучыні. Бюро пошуку і ідэнтыфікацыі IPN хацела б ахапіць як мага больш месцаў і знайсці як мага больш дзяцей, якія загінулі ў нямецкім канцлагеры ў Лодзі.
Да гэтага часу Інстытут нацыянальнай памяці знайшоў парэшткі 23 ахвяр дзіцячага лагера на вуліцы Пшэмысловай. Нягледзячы на тое, што гісторыкі маюць дадзеныя пра пахаванне 77 непаўналетніх вязняў, некаторыя ацэнкі сведчаць аб тым, што ў лагеры магло загінуць больш за 200 дзяцей.
Юры Ліхтаровіч