Паліцыянты з цэнтральнага раёна Варшавы ліквідавалі міжнародную злачынную групоўку, члены якой нападалі на людзей на вуліцы Новы Свят. Іх здабычай станавіліся залатыя ланцужкі і іншыя каштоўнасці агульным коштам у некалькі соцень тысяч злотых. Затрыманыя дзесяць чалавек з трох еўрапейскіх краін ва ўзросце ад 18 да 42 гадоў.
— Справа пачалася летам гэтага года. Тады ў раённае ўпраўленне паліцыі пачалі звяртацца людзі, на якіх напалі на вуліцы Новы Свят. Сярод пацярпелых былі грамадзяне Польшчы, Італіі, Германіі і Украіны. Ва ўсіх выпадках схема дзеянняў злачынцаў была падобнай, а іх ахвярамі станавіліся людзі, якія насілі залатыя ланцужкі і іншыя каштоўнасці. Нападнікі не спыняліся перад ужываннем гвалту, выкарыстоўвалі таксама пярцовы газ, — паведаміў у чацвер прадстаўнік раённага ўпраўлення паліцыі Якуб Пацыняк (Jakub Pacyniak).
Супрацоўнікі крымінальнай паліцыі высветлілі, што напады былі загадзя спланаваныя, а кожны з удзельнікаў групоўкі меў дакладна вызначаныя задачы. Злачынцы перамяшчаліся групай, назіраючы за мінакамі на вуліцы Новы Свят. Калі яны выбіралі ахвяру, частка групы стварала мітусню, адцягваючы ўвагу чалавека.
— У гэты ж час іншыя члены групоўкі набліжаліся да абранага чалавека. У зручны момант адзін з іх зрываў ланцужок і ўцякаў. Астатнія забяспечвалі саўдзельніку магчымасць уцячы, перашкаджаючы пацярпеламу пераследаваць або затрымаць нападніка. Каб павялічыць свае шанцы на поспех, яны хапалі і тузалі ахвяру, выкарыстоўвалі пярцовы газ і нават збівалі, — патлумачыў Пацыняк.
Паліцыянты ўстанавілі асобы злачынцаў і аднойчы ўвечары, калі групоўка зноў сабралася, каб напасці і абрабаваць чарговага чалавека, пачалі аперацыю. Супрацоўнікі паліцыі ўвайшлі ў адну з крам алкагольных напояў на вуліцы Новы Свят, дзе сустрэліся члены групоўкі.
Агулам былі затрыманыя дзесяць чалавек ва ўзросце ад 18 да 42 гадоў. Сярод іх — грамадзяне Польшчы, Францыі і Украіны.
Тром грамадзянам Польшчы, аднаму грамадзяніну Францыі і аднаму грамадзяніну Украіны выставілі абвінавачанні ў разбойных нападах. Суд пастанавіў узяць іх пад варту на тры месяцы.
Яшчэ двум мужчынам выставілі абвінавачанні ў збіцці і перадалі іх пад нагляд паліцыі. Сярод затрыманых былі таксама дзве жанчыны. Адной з іх выставілі абвінавачанне ў разбойным нападзе і таксама перадалі пад нагляд паліцыі.
PAP/яс