Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускаму амбасадару патлумачылі, што Польшча не мае варожых намераў у дачыненні да Беларусі

27.08.2020 18:31
У МЗС беларускаму дыпламату нагадалі, што ў апошнія гады, гэта „не Польшча, а іншы сусед Беларусі парушыў межы суседніх краін”.
     .
Намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач.PAP/Leszek Szymański

Намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач паведаміў, што Польшча перадала Беларусі праз ейнага амбасадара ў Варшаве словы „здзіўлення, расчаравання і трывогі заявамі Аляксандра Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэння”.

Як паведаміў намеснік міністра, беларускага пасла тэрмінова выклікалі ў Міністэрства замежных спраў у сувязі з „шэрагам ілжывых заяў і абвінавачванняў з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў, накіраваных у адрас Польшчы”.

Намеснік кіраўніка МЗС падкрэсліў, што Польшча лічыць такі падыход „неабгрунтаваным і заснаваным на ілжывых і шкодных аргументах”. Ён падкрэсліў, што краіна не мае варожых намераў у дачыненні да Беларусі.

Марцін Пшыдач дадаў, што ў Польшчы не вядуцца дэбаты наконт якіх-небудзь памежных і геапалітычных зрухаў, няма перамяшчэння войскаў. Тым часам такія заявы прагучалі ў Рэспубліцы Беларусь.

„На наш погляд, гэта спроба напалохаць беларускае грамадства нейкім уяўным знешнім ворагам”, - ацаніў намеснік міністра.

Ён нагадаў, што на гэты конт выказваліся як вышэйшыя польскія ўлады, так і Еўрасаюз і НАТА. Пшыдач дадаў, што Польшча неаднаразова падкрэслівала - таксама на міжнародных форумах – неабходнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, непарушнасці ейных межаў, а таксама значэнне міжнароднага права.

У размове з беларускім дыпламатам Марцін Пшыдач нагадаў, што ў апошнія гады, гэта „не Польшча, а іншы сусед Беларусі парушыў межы суседніх краін”.

У сувязі з затрыманнем Беларуссю гуманітарнага грузу, які бастуючым беларусам адправілі прадстаўнікі польскага прафсаюза „Салідарнасць”, намеснік міністра выказаў надзею, што канчаткова калона з дапамогай будзе ўпушчаная на тэрыторыю Беларусі.

Марцін Пшыдач заявіў, што размова з беларускім дыпламатам была „доўгая”, а нават  „гарачая”.

„Мы паспрабавалі абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі і абмеркаваць міжнародную сітуацыю вакол Беларусі”, - дадаў намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы.

аз