Больш тысячы чалавек удзельнічалі ў Гродне ў маршы ў падтрымку «Народнага ўльтыматума». АМАП двойчы разганяў пратэстоўцаў, дзясяткі затрыманых.
Ізноў АМАП перакрыў пешаходную вуліцу Савецкую. Той хто туды ўвайшоў практычна не мог проста так пакінуць яе.
Але гродзенцаў відаць гэта не вельмі напалохала, бо яны ішлі па вуліцы і голасна скандавалі: «Жыве Беларусь», «Верым можам, пераможам», «Гэта наш горад!».
Першы раз калону разагналі каля Маладзёжнага цэнтру, некаторым пратэстоўцам дасталося дручкамі па галаве, былі затрыманыя, многія разбегліся па дварах.
Малады мужчына, які прыйшоў на акцыю з сябрамі, перакананы, што пратэсты нельга спыняць і асабліва 26-га варта падтрымаць агульнанацыянальную забастоўку.
«Людзі сёння былі настроены больш рашуча. Я думаю, усе рыхтуюцца за забастоўкі. У панядзелак пабачым, але я лічу, што людзі будуць баставаць».
Праз пэўны час людзі ізноў сабраліся на Савецкай вуліцы і скандавалі лозунгі. Другі раз АМАП разганяў пратэстоўцаў каля ўнівермага. Праваабаронцы кажуць пра дзясяткі затрыманых.
Алесь Завіноўскі