Беларуская Служба

Генасамблея ААН пераважнай большасцю галасоў асудзіла анексію часткі Украіны

13.10.2022 10:32
Супраць асуджэння Расіі прагаласавалі Сірыя, Паўночная Карэя, Беларусь і Нікарагуа.
Галасаванне на форум ААНPAP/EPA/JUSTIN LANE

Генеральная Асамблея ААН у сераду пераважнай большасцю галасоў прагаласавала за рэзалюцыю, якая асуджае спробу Расіі анексаваць тэрыторыю Украіны. За рэзалюцыю выказаліся 143 краіны, супраць – толькі 5, у тым ліку і сама Расія.

Супраць асуджэння Расіі прагаласавалі Сірыя, Паўночная Карэя, Беларусь і Нікарагуа. 35 краін устрымаліся, у тым ліку Індыя і Кітай.

У тэксце рэзалюцыі Расія асуджаецца за спробу анексіі чатырох абласцей Украіны і гаворыцца, што псеўдарэферэндумы, якія праводзіць Расія на гэтых тэрыторыях, несапраўдныя і не могуць быць падставай для змены іх статусу.

Галасаванне ў сераду ў Асамблеі стала вынікам ранейшага блакавання Расіяй рэзалюцыі ў Радзе бяспекі ААН. У параўнанні з галасаваннем у Радзе дзве краіны памянялі свае галасы – Бразілія і Габон, якія раней устрымаліся.

Колькасць краін, якія прагаласавалі за асуджэнне Расіі, была большая, чым у рэзалюцыі аб расійскай агрэсіі, прынятай у сакавіку. Тады за гэта прагаласавала 141 краіна, а тыя ж пяць прагаласавалі супраць. У тым ліку «за» прагаласавала прыязная да Расіі Сербія і ўсе саюзнікі Расіі. У сваю чаргу ўстрымаліся ўсе саюзнікі па АДКБ – Арменія, Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан. Выключэнне – Беларусь. Устрымаліся і Куба, Пакістан, Эрытрэя, В'етнам, Тайланд і Балівія, некаторыя афрыканскія краіны, у тым ліку ПАР.

Прыняццю рэзалюцыі папярэднічала шырокая лабісцкая кампанія ЗША і краін Захаду. Гэта трэці тэкст, які асуджае Расію ў сувязі з яе вайной супраць Украіны, прыняты Генасамблеяй.

«Мы заклікалі ўсе дзяржавы-члены ААН падтрымаць гэтую рэзалюцыю (...). Зараз не час ісці на саступкі. Час дзейнічаць. Ні адзін свядомы чалавек і ніводная краіна не могуць быць абыякавымі да разбуральных наступстваў гэтых зверстваў», – сказаў Амбасадар ЗША Томас падчас дэбатаў перад галасаваннем. Украінскі амбасадар Сяргей Кісліца параўнаў дзеянні Расіі з анексіямі Трэцяга Рэйху і аншлюсам Аўстрыі, а польскі прадстаўнік Кшыштаф Шчэрскі сцвярджаў, што свет не можа ігнараваць «тэрарыстычныя» дзеянні Расіі, а неасуджэнне Расіі падарвала б усю сістэму ААН.

ав