У жыхаркі Старагарда (Заходне-Паморскае ваяводства) выяўлена бактэрыя халеры. Жанчына знаходзіцца ў бальнічнай ізаляцыі, яе стан стабільны, пагрозы для навакольных няма, — паведамілі галоўны санітарны інспектар Павел Гжэшоўскі і нацыянальны кансультант па інфекцыйных хваробах праф. Мілаш Парчэўскі.
Каб пацвердзіць наяўнасць халеры, неабходна выявіць таксін, які выдзяляюць бактэрыі. Гэтыя даследаванні яшчэ працягваюцца. Паводле міністаркі аховы здароўя Ізабэлы Лешчыны, пацыентка знаходзіцца «пад абсалютным наглядам», а ўсе, з кім яна кантактавала, змешчаны на пяцідзённы каранцін.
Шпіталь у Старагардзе часова спыніў прыём новых пацыентаў і наведванні у аддзяленні ўнутраных хвароб.
Эксперты адзначаюць, што нават нетаксічныя штамы Vibrio cholerae могуць выклікаць дыярэю. Лік такіх выпадкаў у Польшчы можа павялічыцца праз змяненне клімату. Пацыентку лечаць сімптаматычна, ёй даюць шмат вадкасці і антыбіётыкі. Раней выпадак халеры ў Польшчы быў зафіксаваны ў 2019 годзе ў Свінаўйсце.
PAP/эж