Беларуская Служба

Польскі газавоз «Ігнацы Ян Падарэўскі» ўпершыню даставіў LNG у Японію

01.10.2025 10:17
Японія з’яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў звадкаванага газу ў свеце, таму ўваход на гэты рынак мае стратэгічнае значэнне.
Historyczny transport LNG do Japonii zawiózł najnowszy gtazowiec we flocie giganta - Ignacy Jan Paderewski
Historyczny transport LNG do Japonii zawiózł najnowszy gtazowiec we flocie giganta - Ignacy Jan Paderewski Grupa Orlen

Польскі нафтагазавы канцэрн Orlen упершыню ў сваёй гісторыі паставіў звадкаваны прыродны газ на японскі рынак. Газавоз Ignacy Jan Paderewski, найноўшае судна ў флоце кампаніі, даставіла ў порт атрымальніка — кампанію Osaka Gas — партыю аб’ёмам 100 мільёнаў кубаметраў LNG, — чытаем на партале energetyka24.com.

Як адзначылі ў Orlen, Японія з’яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў звадкаванага газу ў свеце, таму ўваход на гэты рынак мае стратэгічнае значэнне. Гэта ўжо 41-ы груз, дастаўлены ўласным суднам праз лонданскі гандлёвы офіс польскага канцэрна, і 15-ы — з пачатку 2025 года.

Старшыня праўлення Orlen Ірэнэуш Фанфара падкрэсліў, што пастаўка ў Японію не толькі падтрымлівае энергетычную бяспеку Еўропы, але і адкрывае новыя магчымасці для развіцця кампаніі. «Мы ўмацоўваем сваю пазіцыю на сусветным рынку LNG і павялічваем прыбытак для акцыянераў, выходзячы на рынкі, дзе раней не былі прысутныя», — заявіў мэнаджар.

Кантракт з Osaka Gas з'яўляецца важным крокам у міжнароднай экспансіі польскага энергетычнага канцэрна. Партнёрства з надзейнымі кампаніямі дазваляе будаваць устойлівыя адносіны і хутка рэагаваць на патрэбы розных рэгіёнаў. Orlen ужо мае партфель кантрактаў на пастаўкі каля 6,5 млн тон LNG у год, што забяспечвае гнуткасць і магчымасць апрацоўкі заказаў на найбольш перспектыўных рынках.

У канцэрне адзначаюць, што такія транзакцыі становяцца натуральнай часткай стратэгіі ўмацавання гандлёвай пазіцыі і пацвярджаюць рост ролі Orlen у глабальным ланцугу паставак LNG.

эж