У Ганконгу павялічылася колькасць ахвяр пажару ў жылым комплексе Wang Fuk Court — загінулі ўжо 128 чалавек, — паведаміў сакратар па пытаннях бяспекі Крыс Тан, дадаўшы, што 79 чалавек атрымалі раненні, а дзесяткі ўсё яшчэ лічацца зніклымі без вестак. Пажар ужо ліквідаваны, але расследаванне прычын трагедыі працягваецца.
«Мы знайшлі 128 загінулых: 108 целаў былі вынесены з месца падзеі, яшчэ чатыры чалавекі памерлі ў шпіталі. У будынку застаюцца 16 згарэлых да непазнавальнасці парэшткаў. Створана спецыяльная паліцэйская група, якая займаецца ідэнтыфікацыяй загінулых і пошукам зніклых», — паведаміў прадстаўнік уладаў.
Паводле папярэдняй версіі, агонь мог вельмі хутка распаўсюдзіцца з-за лістоў пенапласту каля вокнаў і няспраўных сістэм пажарнай сігналізацыі ў васьмі будынках комплексу. Вядзецца таксама расследаванне магчымых карупцыйных схем пры будаўніцтве і рамонце аб’екта — гэтай справай займаецца Незалежная камісія па барацьбе з карупцыяй (ICAC).
iar/эж