У выданні Rzeczpospolita артыкул пра злачынствы замежнікаў у Польшчы. Летась звыш 17,5 тысяч іншаземцаў парушыла закон у краіне, гэта на тысячу больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года. Назіраецца рэзкі рост правапарушэнняў, здзейсненых калумбійцамі, а найбольш сярод злачынцаў украінцаў і грузін.
Якія гэта правапарушэнні? Незаконнае кіраванне транспартным сродкам або ў стане алкагольнага ап’янення, захоўванне наркотыкаў, махлярства. Замежнікі былі віноўнікамі 452 ДТЗ – амаль на 100 больш, чым годам раней.
У крымінальнай статыстыцы на першым месцы ўкраінцы – 10602 чалавекі (на 849 больш, чым годам раней). Гэта, канешне, наступства вайны і вялікай хвалі эміграцыі ўкраінцаў у Польшчу. На другім месцы грузіны (1780) і беларусы (1032). Варта звярнуць увагу, што грузіны і беларусы здзейснілі менш злачынстваў – адпаведна на 275 і 90.
Грузінская мафія моцна трымаецца ў Польшчы, нягледзячы на тое, што паліцыя паведамляла пра затрыманні і дэпартацыі грузін. Нязначнае падзенне лічбы злачынстваў сведчыць хутчэй пра тое, што мафія намерана перачакаць узмоцненую актыўнасць польскіх службаў. На думку экспертаў, дзяржава дрэнна спраўляецца з барацьбой з грузінскімі кланамі. Яны вельмі герметычныя, іх цяжка распрацоўваць хаця б з увагі на мову.
Калі некалькі гадоў таму сярод замежных злачынцаў у Польшчы практычна не было калумбійцаў, дык летась яны здзейснілі 324 злачынствы. Часцей за ўсё гэта кіраванне аўто ў стане алкагольнага ап’янення і захоўванне наркотыкаў.
нг