Супрацоўнікі выкрылі злачынную групу пасля таго, як выявілі ў замежнікаў падробленыя вадзіцельскія пасведчанні. Кіроўцы працавалі ў транспартнай кампаніі ў Сілезіі.
Паводле Монікі Шпунар з Сілезскай памежнай службы, замежнікі працавалі пад прымусам.
— Кіраўнікі фірмы забіралі ў іх пашпарты і іншыя дакументы, неабходныя для працы кіроўцы аўтобуса. Такім чынам пазбаўлялі іх магчымасці перайсці на іншую работу ці вярнуцца на радзіму. Нагрузка на кіроўцаў была вельмі вялікай, яны былі моцна стомленыя, бо працавалі 300-400 гадзін у месяц. Гэта стварала пагрозу іх жыццю і выклікала небяспеку для дарожнага руху. Зарплата ставілася ў залежнасць ад часу працы і распаўсюджанай у кампаніі шырокай сістэме штрафаў і адлічэнняў.
Аператыўная праца, якая прывяла да затрымання падазраваных, працягвалася два гады. Па справе было арыштавана дзевяць чалавек – шэсць палякаў і трое грамадзян Грузіі. Злачынцы вербавалі грамадзян Беларусі, Азербайджана, Грузіі, Індыі і Украіны. У кампаніі працавала каля 150 чалавек.
яс