Беларуская Служба

Перамога Пашыняна на выбарах у Арменіі — гэта ўдар па Пуціну — СМІ

09.06.2026 14:12
Дзякуючы перамозе прэмʼер-міністра Нікола Пашыняна на выбарах у Арменіі ўпершыню пасля распаду Савецкага Саюзу гэтая краіна аддаляецца ад Масквы і рухаецца на Захад. 
       -
Лідар партыі «Грамадзянская дамова» і выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Арменіі Нікол ПашынянEPA/PHOTOLURE Dostawca: PAP/EPA.

Партыя дзейнага прэмʼер-міністра Нікола Пашыняна атрымала прыблізна палову галасоў, тым самым забяспечыўшы сабе большасць у парламенце і захаваўшы магчымасць самастойна фармаваць урад, паведамляе газета «Rzeczpospolita».

Пашынян ужо абвясціў аб сваёй прыхільнасці да далейшага збліжэння паміж сваёй краінай і Еўрапейскім Саюзам. Спасылаючыся на размову з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен, ён паабяцаў сваім суайчыннікам 50 мільёнаў еўра фінансавай дапамогі з Бруселя і адкрыццё рынку ЕС для армянскай сельскагаспадарчай прадукцыі, піша выданне.

Пашынян таксама звярнуўся да Турцыі з заклікам адкрыць свае межы, заявіўшы пра гатоўнасць спыніць усе спрэчкі. Ён таксама абвясціў, што канчатковы тэкст мірнага пагаднення з Азербайджанам гатовы, і выказаў надзею на яго хуткае падпісанне.
Выданне зазначае, што Пашынян звярнуў асаблівую ўвагу на найбуйнейшыя інвестыцыі ў краіну, якія рэалізуюцца сумесна з амерыканцамі. Гэта «Дарога Трампа за міжнародны мір і дабрабыт» (TRIPP), якая праходзіць праз паўднёвую Арменію і злучыць Азербайджан з яго анклавам Нахічэванню (і далей з Турцыяй). Дадзены праект тычыцца не толькі дарог і чыгунак, але і нафта- і газаправодаў, якія могуць дапамагчы Арменіі стаць менш залежнай ад расійскіх энергетычных рэсурсаў у бліжэйшай будучыні, згадвае газета.

Разам з тым, выбары не спыняць Маскву ў змаганні за Арменію. Выбары ў Арменіі далі Расіі шанец захаваць краіну ў сваёй сферы ўплыву. У парламент прайшла партыя мільярдэра Самвэла Карапецяна. Яго «Моцная Арменія», заснаваная за некалькі месяцаў да выбараў, стала другой па велічыні сілай у парламенце. Трэцяе месца заняў «Армянскі блок», які таксама моцна сімпатызуе Расіі і выступае за падтрыманне ўсіх магчымых саюзаў з Крамлём. Папулісцкая і прарасійская партыя «Квітнеючая Арменія» таксама пераадолела выбарчы парог.

У парламенце будзе не толькі кіроўная партыя Пашыняна, але і тры прарасійскія партыі, якія будуць перашкаджаць інтэграцыі з ЕС і рэалізацыі праекта TRIPP, зазначае выданне.

Праеўрапейскія сілы ў Арменіі чакае яшчэ доўгі і складаны шлях. Газета нагадвае, што без падтрымкі прарасійскіх дэпутатаў Пашынян не зможа ўнесці змены ў канстытуцыю, якія маюць вырашальнае значэнне для заключэння мірнага пагаднення з Азербайджанам. Апроч таго эканамічна Арменія застаецца моцна залежнай ад расійскага рынку, бо больш за 35% усяго экспарту прыпадае на Расію, зазначае выданне.

юл