Еўрапейская камісія прапанавала ўвесці забарону на ўезд у краіны Еўрасаюза для ўсіх, хто служыў у расійскіх узброеных сілах пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Пра гэта паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прадстаўляючы праект 21-га пакета санкцый супраць Расіі:
— Упершыню мы прапануем забарону на ўезд у Еўрапейскі Cаюз для ўсіх, хто з пачатку вайны служыў у расійскіх узброеных сілах. Такім чынам Еўропа застаецца недаступнай для кожнага, хто ўдзельнічаў ва ўварванні ва Украіну, — заявіла палітык.
Новы пакет санкцый таксама прадугледжвае максімальную цану на расійскую нафту, каб Крэмль не атрымліваў дадатковых прыбыткаў ад росту сусветных цэн на энергарэсурсы. Пад санкцыі могуць трапіць новыя расійскія банкі, крыптавалютныя аперацыі і судны так званага ценявога флоту.
Упершыню Еўракамісія прапануе ўвесці і абмежаванні на імпарт расійскай рыбнай прадукцыі. Праект санкцый ужо накіраваны дзяржавам ЕС. Для яго ўхвалення неабходная аднагалосная падтрымка ўсіх 27 краін саюза.
iar/эж