Пасля жніўня 2020 года Беларусь змянілася да непазнавальнасці. Тысячы людзей прайшлі праз турмы, сотні тысяч былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Незалежныя медыя і грамадскія арганізацыі былі разгромлены, а тэрыторыю Беларусі Расія выкарыстала для нападу на Украіну. Ці можна назваць усё, што адбылося з краінай пасля 2020 года, нацыянальнай катастрофай? На гэтае пытанне ў праграме «Палітычнае люстэрка» адказваюць Юрый Ліхтаровіч і Аксана Колб.
Юрый Ліхтаровіч перасцерагае ад адназначных ацэнак. На яго думку, цяжкія наступствы палітычнага крызісу нельга разглядаць асобна ад тых змен, якія адбыліся ў беларускім грамадстве і ў рэгіёне:
— Я не назваў бы гэта катастрофай. Вялікія гістарычныя падзеі заўсёды маюць некалькі прачытанняў. З аднаго боку, мы бачым маштабныя рэпрэсіі, з другога — надзвычайны ўздым грамадскай актыўнасці. Гэта быў важны этап сталення нацыі, і памяць пра яго застанецца. У 2020-м беларусы прадэманстравалі здольнасць да самаарганізацыі, салідарнасці і адказнага супольнага дзеяння. Рэжым знішчыў шматлікія структуры, але не здолеў сцерці гэты досвед.
Аксана Колб таксама катэгарычна не пагаджаецца з тым, што Беларусь перажывае нацыянальную катастрофу. Публіцыстка звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на рэпрэсіі, беларускае грамадства захавала сваю нацыянальную свядомасць:
— Улады могуць ліквідаваць арганізацыі, закрыць ініцыятывы і прымусіць людзей пакінуць краіну. Але яны не могуць пазбавіць беларусаў усведамлення ўласнай гісторыі і культуры. Людзі ў Беларусі не спыніліся — яны сталі асцярожнейшымі і чакаюць часу, калі зноў змогуць дзейнічаць адкрыта. Няспынныя рэпрэсіі сведчаць не толькі пра сілу ўлады, але і пра яе страх перад новым пратэстам.
Адно з наступстваў згаданых падзей — вымушаная эміграцыя. У Польшчы, якая стала домам для прыкладна 300 тыс. беларусаў, узмацняецца антыміграцыйная рыторыка. Папулісты ператварылі страх перад іншаземцамі ў інструмент выбарчай барацьбы, а частка правых сіл пераймае іх лозунгі. Аднак, як падкрэслівае Колб, палітычная рыторыка не адмяняе падтрымкі з боку многіх палякаў і разумення таго, што дэмакратычная Беларусь патрэбная ўсяму рэгіёну.
Поўны выпуск «Палітычнага люстэрка» слухайце ў далучаным аўдыяфайле.
эж