Беларуская Служба

Як у Лодзі ў 1981 годзе праходзіў найдаўжэйшы акупацыйны студэнцкі страйк у Еўропе

23.01.2026 12:42
Поспехам пратэстоўцаў стала згода камуністычных уладаў — атрыманая 17 лютага — на рэгістрацыю NZS - Niezależnego Zrzeszenia Studentów (Незалежнага студэнцкага саюза). 
21  1981 ,
21 студзеня 1981 года, у Лодзі пачаўся пратэст акадэмічнай моладзі — найдаўжэйшы акупацыйны студэнцкі страйк у гісторыі ЕўропыФота: IPN

45 гадоў таму, 21 студзеня 1981 года, у Лодзі пачаўся пратэст акадэмічнай моладзі — найдаўжэйшы акупацыйны студэнцкі страйк у гісторыі Еўропы, які працягваўся 29 дзён і скончыўся 18 лютага. У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек і гэта ў Польскай Народнай Рэспубліцы — краіне Варшаўскай дамовы.

Поспехам пратэстоўцаў стала згода камуністычных уладаў — атрыманая 17 лютага — на рэгістрацыю NZS - Niezależnego Zrzeszenia Studentów (Незалежнага студэнцкага саюза). Гэта была першая такая арганізацыя ў краінах камуністычнага блока. Вынікам страйку стала таксама падпісанне так званага Лодзінскага пагаднення, якое гарантавала аўтаномію ўніверсітэтам па ўсёй краіне.

Пачаткова NZS быў створаны 22 верасня 1980 года — пасля хвалі агульнапольскіх рабочых страйкаў і з’яўлення незалежнага прафсаюза «Салідарнасць». Арганізацыя аб’ядноўвала маладых людзей, якія імкнуліся да дэмакратызацыі акадэмічнага жыцця і ўніверсітэцкіх структур. Калі 13 лістапада суд адмовіў у  рэгістрацыі, ва ўніверсітэтах пачаліся чарговыя пратэстныя акцыі. Пасля зрыву перамоў студэнтаў з дэлегацыяй Міністэрства навукі ПНР 21 студзеня 1981 года на Лодзінскім універсітэце быў абвешчаны акупацыйны страйк.

Першы старшыня NZS Яраслаў Гузы ў эфіры Польскага радыё ў 2005 годзе ўзгадваў рашучасць студэнтаў:

— Калі з’явілася такая магчымасць пасля падпісання жнівеньскіх пагадненняў, усе, хто быў нейкім чынам задзейнічаны ў незалежным студэнцкім руху і падтрымліваў апазіцыю, адразу былі перакананыя: будзе незалежная студэнцкая арганізацыя, яна мусіць паўстаць.

У лодзінскім акупацыйным страйку ўдзельнічалі студэнты Лодзінскай політэхнікі, Медыцынскай акадэміі і Музычнай школы. Пратэсты ў духу «Салідарнасці» ахапілі таксама іншыя ВНУ краіны, у тым ліку Варшаўскі ўніверсітэт. Студэнтаў падтрымлівалі выкладчыкі і адміністрацыйныя работнікі.

Пра тагачасныя патрабаванні студэнцкай моладзі распавядае першы старшыня Камітэта NZS у Сілезскім універсітэце і член Нацыянальнай камісіі арганізацыі Войцех Шарама:

— Іншы спосаб выкладання эканомікі: раней гэты ключавы прадмет на ўсіх напрамках быў прысвечаны выключна сацыялістычнай эканоміцы, потым мы патрабавалі ліквідацыя заняткаў па ваеннай падрыхтоўцы, якія заключаліся ў палітычнай прамыўцы мазгоў, і, нарэшце, давядзенне да сітуацыі, калі студэнтаў дапусцілі бы да выбару рэктара.

Пратэст атрымаў шырокі рэзананс за мяжой. Польская служба Радыё Свабодная Еўропа паведамляла пра страйк, падкрэсліваючы салідарнасць і дысцыпліну яго ўдзельнікаў:

— Гасцямі ў ахопленым акупацыйным страйкам будынку Факультэту польскай філалогіі на Алеях Касцюшкі былі заходнія журналісты. Яны перадалі вобраз салідарнай пратэстнай акцыі студэнтаў, якія спалі ў спальніках на падлозе, дыскутавалі і вучыліся нават у гэтых складаных умовах.

Адзін з удзельнікаў страйку Пётр Яворскі ў 2011 годзе ўспамінаў пра падтрымку жыхароў Лодзі:

—Сем’і дапамагалі як маглі, хтосьці прыносіў дамашні смалец, хтосьці нейкае масла, калі часам удавалася, яго дастаць у гандлі. Памятайма пра тататльны дэфіцыт. Потым пачалі з’яўляцца людзі, якія хацелі неяк далучыцца. Старэйшыя пані прыносілі ў слоіках уласнаручна звараны суп. Памятаю неверагодную рэч: лодзінскія валютчыкі аднойчы прывезлі вялікую перадачу з рознымі прысмакамі з валютных магазінаў Pewex, але дапамаглі таксама і працоўныя калектывы. Памятаю, фабрыка парфумерыя Polena Ewa перадала нам вялікую колькасць шампуня.

У 2011 годзе, да 30-й гадавіны страйкаў, Сенат Лодзінскага ўніверсітэта ўшанаваў удзельнікаў тых падзей. Медаль Universitatis Lodziensis Amico («Сябар Лодзінскага ўніверсітэта») атрымалі Лешак Аўчарэк, Войцех Вальчак і Веслаў Урбаньскі (памёр у 2023 годзе). Усе яны ўдзельнічалі ў перамовах з камуністычнымі ўладамі. Веслаў Урбаньскі тады адзначаў:

— Увогуле ўся наша тройка заплаціла за гэта высокую цану. Лешак Аўчарэк не скончыў Лодзінскага ўніверсітэта, а Войцеху Вальчаку гэта ўдалося толькі ў дзевяностыя гады. Таму гэта для нас такі гонар, што ўніверсітэт пра нас згадаў, дзякуем за гэта рэктару і сенату.

Яраслаў Гузы падкрэслівае, што NZS стаў для многіх школай жыцця і грамадзянскай сталасці:

— Гэта незабыўна не толькі ў сэнсе ўспамінаў, але, я б сказаў, у адукацыйным плане гэта дало нашаму пакаленню вельмі шмат. Некаторыя, вядома, выкарысталі гэты ўрок лепш, іншыя горш. Некаторыя не вывучылі нічога, але ў цэлым гэта была школа грамадскага жыцця ў найлепшым стылі, дзе сапраўдныя ідэалы былі важнейшыя за ўсё, бо ніхто не лічыў, што перамога прынясе нам нейкія канкрэтныя карысці. У гэтым і быў сэнс.

Пасля рэгістрацыі ў лютым 1981 года NZS дзейнічаў да ўвядзення ваеннага становішча ў снежні 1981 года, калі арганізацыю ліквідавалі. Яна змагалася не толькі за правы студэнтаў, але і за захаванне палітычных свабод, правоў чалавека, а таксама за павагу да польскіх незалежніцкіх і патрыятычных традыцый, падтрымліваючы «Салідарнасць» у палітычным вымярэнні.

Пасля перыяду падпольнай дзейнасці NZS быў адноўлены 22 верасня 1989 года. З часам арганізацыя адмовілася ад шырокай палітычнай актыўнасці на карысць прадстаўлення інтарэсаў студэнтаў. Сёння яна аб’ядноўвае каля трох тысяч членаў  у 25 польскіх універсітэтах. 

Слухайце аўдыё!

эж

Гляньце, як выглядала студэнцкае жыццё ў даваеннай Польшчы (ФОТА)

04.10.2025 06:02
У Віленскім універсітэце студэнты-беларусы стварылі Беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў часопісы «Наш шлях» і «Студэнцкая думка».

«Снежань 70-га»: як камуністы адказалі кулямі на патрабаванні хлеба

19.12.2025 13:39
17 снежня 1970 года камуністы расстралялі польскіх рабочых, якія ішлі на працу, паверыўшы заклікам ўлады.