18 лютага легенда эстрады Халіна Куніцкая адзначыла 88-годдзе. Спявачка нарадзілася 18 лютага 1938 года ў Львове. У часы ПНР яна карысталася велізарнай папулярнасцю, а яе песні гучалі з радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, а яна выступала на сцэнах па ўсёй краіне. У творчым даробку артысткі — кампазіцыі, якія даўно набылі статус культавых. З нагоды юбілею прыгадваем яе жыццёвы і творчы шлях.
У перыяд Польскай Народнай Рэспублікі эстрада была адной з найважнейшых формаў масавай культуры. Фестывалі ў Сопаце і Аполе збіралі мільённую аўдыторыю, а Польскае радыё і тэлебачанне адыгрывалі ключавую ролю ў фармаванні музычных густаў. Менавіта тады дэбютавала цэлая плеяда артыстаў, чые імёны сталі сімвалам эпохі. Да гэтага пакалення належыць і Халіна Куніцкая.
Яе талент хутка заваяваў слухачоў, а палякі, асабліва старэйшае пакаленне, і сёння памятаюць яе песні. Найбольшую папулярнасць спявачка набыла ў 1960–1970-ыя гады — у часы росквіту польскай эстрады.
Хіты Кунікцкай: Orkiestry dęte («Духавыя аркестры»), Niech no tylko zakwitną jabłonie («Няхай толькі заквітнеюць яблыні»), Lato, lato czeka («Лета, лета чакае») — спявала ўся Польшча. Артыстка выдала 12 альбомаў агульным накладам больш за мільён асобнікаў, тры з якіх сталі залатымі. Яна неаднаразова выступала на нацыянальных і міжнародных песенных фестывалях, гастралявала амаль у 30 краінах свету — у парыжскай «Алімпіі», у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і ў СССР.
Дарэчы, папулярнасць спявачкі знайшла сваё адлюстраванне ў культавымі савецкі мультсерыяле «Ну, пагадзі!». У чацвёртай серыі 1971 года, у сцэне бегу звярэй з бар'ерамі гучыць кампазіцыя Orkiestry dęte.
У Польшчы Халіна Куніцкая дала больш за тры тысячы канцэртаў. Песні для яе пісалі Уладзімеж Корч, Ежы Дэрфель, Агнешка Асецкая, Эрнэст Брыль і Войцех Млынарскі. Сярод вядомых кампазіцый — таксама To były piękne dni («Гэта былі цудоўныя дні»), створаная на аснове папулярнага расійскага раманса пачатку ХХ ст.
Халіна Куніцкая — дачка Зоф’і і Вацлава Куніцкіх. Яе бацька быў афіцэрам Корпуса аховы памежжа. Яна распавядала, што яе маці, ведаючы, што іх чакае з боку савецкай улады ў Львове, уцякла разам з ёй у Варшаву.
— Я была як такая пасылачка, якую яна брала з сабой і вазіла. Мяне перакідвалі з месца на месца. Мама паклапацілася пра тое, каб мы пазбеглі паўстання. Мы правялі гэты час недзе пад Варшавай, — кажа Куніцкая.
Халіна Куніцкая таксама прызналася, што вельмі доўга не ведала, што здарылася з яе бацькам. Маці артысткі ўдалося атрымаць толькі інфармацыю, што яе муж загінуў. Толькі ў 80-гадовым узросце спявачка даведалася, што бакьцка быў расталляны НКУС у Катыні.
— Так што толькі ў познія гады майго жыцця я па-сапраўднаму адчула цяжар гэтай навіны, — прызнавалася Куніцкая.
Музыка суправаджала Халіну Куніцкую з дзяцінства. Маці, якая спявала і грала на фартэпіяна, прывіла ёй любоў да песні, пазнаёміла з харцэрскім і даваенным рэпертуарам, кабарэтнай традыцыяй і львоўскай музычнай культурай.
Выпускныя экзамены Халіна Куніцкая здала ў 16 гадоў. Пасля яна паступіла на юрыдычны факультэт і скончыла яго ў 1959 годзе. Аднак музыка заставалася яе сапраўдным пакліканнем. На трэцім курсе яна была адзначана на конкурсе спевакоў-аматараў, арганізаваным Польскім радыё. У якасці ўзнагароды трапіла ў Студыю песні, дзе вывучала вакал і сальфеджыа. У 1958–1961 гадах выступала ў кабарэ Pinezka.
Першыя радыёзапісы спявачка зрабіла ў 1959 годзе, сярод іх — Czumbalalajka («Тумбалалайка»). Пазней спявачка рэгулярна з’яўлялася ў папулярных радыёперадачах і актыўна гастралявала за мяжой.
Артыстка атрымала мноства ўзнагарод, у тым ліку прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі ў Сопаце ў 1970 годзе і ўзнагароду на І Міжнародным фестывалі песні ў Токіа. Спявачка прызналася, што найважнейшым для яе заўсёды было прызнанне слухачоў:
— Я ніколі не спявала з разлікам на ўзнагароды. Самай вялікай узнагародай для мяне заўсёды былі і застаюцца сімпатыя і памяць публікі.
У 2016 годзе Халіна Куніцкая адзначала, што шчаслівая займацца тым, што любіць:
— Я пастаянна адчуваю водгук публікі, якая ідзе са мной праз усе гэтыя гады. Я выступаю са сваё праграмай, увесь час абнаўляю рэпертуар — нешта дадаю, нешта прыбіраю. І публіка запаўняе ўсе залы, дзе я спяваю. Кожны раз яна прымае мяне, скажу коратка, авацыямі.
Спявачка прызнавалася, што ў маладыя гады ніколі не планавала прысвяціць спеву ўсё жыццё, таму і вырашыла спачатку атрымаць юрыдычную адукацыю:
— Я думала, што спевы — гэта толькі імгненне, прыгода ў маім жыцці. Не будавала далёкіх планаў. Таму скончыла права, напісала магістарскую працу і сказала сабе: гэта апошнія хвіліны ва ўніверсітэце. Цяпер я толькі спяваю — спяваю і яшчэ раз спяваю.
Музычная кар’ера Халіны Куніцкай працягвалася 65 гадоў, але момант дэбюту і конкурс у Трэцяй праграме Польскага радыё на вуліцы Мыслівіцкай у Варшаве — незабыўныя, кажа артыстка:
— Польскае радыё арганізавала конкурс для аматараў. Мама пачула пра яго і сказала: права — правам, але ты павінна спяваць. І прасачыла, каб я тралейбусам з Плошчы Завішы даехала на Мыслівіцкую.
Нягледзячы на салідны ўзрост, Халіна Куніцкая пакорліва і без шкадавання ставіцца да плыні часу. Магчыма ў гэтым і ёсць сакрэт небывала доўгай прафесійнай актыўнасці спявачкі:
— Я стараюся пасябраваць з часам. Не наракаць на яго, а прыняць. Магчыма, дзякуючы гэтаму я ў згодзе з рэчаіснасцю і з тым, як мінаюць гады.
У рэпертуары Халіны Куніцкай — незабыўны вальс з фільма Noce i dnie («Ночы і дні») 1975 года — Od nocy do nocy («Ад ночы да ночы»). Гэты фільм апынуўся ў кароткім спісе, намінаваных на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.
У 2015 годзе Польскае радыё ўганаравала артыстку «Залатым Мікрафонам», які яна атрымала падчас 52-га Нацыянальнага фестывалю польскай песні ў Аполе.
За выдатныя заслугі ў мастацкай дзейнасці Халіна Куніцкая была ўзнагароджана Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і Залатым медалём «Заслужаны культуры Gloria Artis» (2025).
У асабістым жыцці Халіна Куніцкая — маці Марціна Кідрыньскага, музыканта, кампазітара і падарожніка.
эж