Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Заольззе: як у міжваенны час спрэчка за памежны край раз’яднала Польшчу і Чэхаславакію

02.10.2026 15:25
Цешынскі край меў вялікую эканамічную каштоўнасць: тут працавалі каменнавугальныя шахты і металургічныя прадпрыемствы. Без шахтаў Заольззя прамысловы патэнцыял Чэхаславакіі быў бы істотна меншы.
Аўдыё
  • Заольззе: як у міжваенны час спрэчка за памежны край раз’яднала Польшчу і Чэхаславакію
      -
Сучасная двухмоўная табліца на чыгуначным вакзале ў Чэскім-ЦешынеФота: Эдуард Жолуд, Беларуская служба Польскага радыё

2 кастрычніка 1938 года польскія войскі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Бартноўскага ўвайшлі ў чэхаславацкае Заольззе. Мясцовыя палякі віталі іх авацыямі і трыумфальнымі аркамі. За два дні да гэтага Варшава, скарыстаўшыся Мюнхенскай змовай, выставіла Празе ўльтыматум: на адказ адносна перадачы спрэчнай тэрыторыі адводзілася 12 гадзін. Да Польшчы далучылі край плошчай каля 862 квадратных кіламетраў. Гэты крок часта ацэньваюць як удзел у падзеле Чэхаславакіі, які пагоршыў міжнароднае становішча Польшчы напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Назва Заольззе паходзіць ад ракі Ольза: гэта частка Цешынскай Сілезіі на яе заходнім беразе. З 1918 года гэта тэрыторыя была прадметам спрэчкі паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі. Тут перапляліся нацыянальныя памкненні, гістарычныя аргументы і эканамічны інтарэс. Канфлікт не толькі вызначыў лёс памежнага насельніцтва, але і на дзесяцігоддзі ўскладніў адносіны Варшавы і Прагі. Пра яго вытокі і наступствы гэтага канфліку расказвае гісторык і публіцыст Юзаф Кшык.  Чаму чэхаславацкія войскі напалі на Польшчу ў студзені 1919 года і занялі Заольззе? З польскага боку гэта тады называлі ўдарам у спіну.

— Так гэта выглядала з польскай перспектывы. У чэхаславацкім разуменні гісторыі Сілезія была часткай зямель, звязаных з Чэхіяй яшчэ з Сярэднявечча. Толькі ў XVIII стагоддзі, пасля Сілезскіх войнаў, яна адышла да Прусіі. Большая частка Сілезіі сапраўды адышла да Прусіі, але Цешынская Сілезія засталася пад уладай Габсбургаў да распаду Аўстра-Венгрыі. Таму ў 1918–1919 гадах, калі чэхі і славакі стваралі сваю дзяржаву, яны заявілі правы таксама на Заольззе і ўсю Цешынскую Сілезію. Прычым чэшскія тэрытарыяльныя памкненні ішлі значна далей.

— Што адбылося на канферэнцыі ў бельгійскім Спа ў 1920 годзе? Чаму Заольззе перадалі Чэхаславакіі, хоць на значнай частцы гэтай тэрыторыі пераважалі палякі?

— Чэхі аказаліся больш паспяховымі ў дыпламатычных кабінетах. Яны паказвалі палякаў як бок з празмернымі тэрытарыяльнымі патрабаваннямі, які вядзе некалькі памежных войнаў. Трэба памятаць: Польшча тады ваявала з бальшавікамі, вырашаўся лёс яе ўсходняй мяжы. Чэхі маглі засяродзіцца на гэтай адной справе. На пачатку 1919 года яны занялі Заольззе сілай, а потым падмацавалі вынік дыпламатычнымі намаганнямі ў Спа. Яны пераканалі вялікія дзяржавы, што Заольззе павінна застацца ў Чэхаславакіі. Так працягвалася наступныя 18 гадоў, да 1938-га.

— Цяпер у падобных спрэчках звяртаюцца да рэферэндумаў. Ці пыталіся тады ў жыхароў Заольззя, у якой краіне яны хочуць жыць?

— Палякі спасылаліся на перапісы, праведзеныя яшчэ да Першай сусветнай вайны: паводле іх, большасць жыхароў гэтых тэрыторый лічыла сябе палякамі. Чэхі спасылаліся найперш на эканамічныя і гістарычныя аргументы.

Запланаваны плебісцыт не адбыўся. Пасля дамоўленасцяў у Спа мяжу 28 ліпеня 1920 года вызначыла Рада паслоў дзяржаў Антанты. Асноўнымі пунктамі напружання былі Цешынская Сілезія, а таксама памежныя раёны Спіша і Аравы.  23 студзеня 1919 года чэхаславацкія войскі атакавалі адносна слабы польскі гарнізон, гаворыць Тадэвуш Кісялеўскі:

— Палякі не чакалі чэшскага нападу на гэтыя тэрыторыі. Здавалася, што ўсе пытанні ўжо ўзгодненыя. Адначасова Польшча мусіла змагацца за межы і на ўсходзе, і на захадзе, таму не трымала ў Цешынскай Сілезіі войскаў, патрэбных у іншых месцах. Канчатковай мэтай чэшскага наступу было дайсці аж да Віслы.

Цешынскі край меў вялікую эканамічную каштоўнасць: тут працавалі каменнавугальныя шахты і металургічныя прадпрыемствы, у тым ліку буйны завод у Тшынцы (Třinec, па-польску Trzyniec). Без шахтаў Заольззя прамысловы патэнцыял Чэхаславакіі быў бы істотна меншы.

— Як жылі палякі Заольззя пад чэхаславацкай уладай?

— Чэхі паводзілі сябе з палякамі несправядліва. Але з чэхаславацкага пункту гледжання ўсё выглядала інакш: палякаў вінавацілі ў падрыве адзінства рэспублікі. Перад Другой сусветнай вайной нацыянальная сітуацыя там была складаная. Дзяржаву насялялі не толькі чэхі і славакі, але і немцы, якіх было больш за славакаў. Менавіта нямецкае пытанне стала падставай Мюнхенскага крызісу 1938 года. Палякаў у дзяржаве з насельніцтвам каля 15 мільёнаў было параўнальна няшмат — прыкладна 100–200 тысяч. Яны не маглі выстаўляць такія патрабаванні, як немцы. Аднак, дамагаючыся роўнага стаўлення ў дзяржаўных установах і ўласных школ, яны сутыкаліся з тым, што чэшскія ўлады ўспрымалі іх нацыянальныя памкненні як праяву дзейнасці «пятай калоны».

У 1938 годзе сітуацыя змянілася. Гітлер патрабаваў перадаць Германіі Судэцкую вобласць, а Вялікабрытанія і Францыя пагадзіліся на гэта ў Мюнхене. Варшава скарысталася аслабленнем Чэхаславакіі: 30 верасня выставіла ўльтыматум адносна Заольззя. Прага прыняла яго на наступны дзень, а 2 кастрычніка пачалося рух польскіх войскаў.  

— Як гэтыя дзеянні ўспрынялі ў Еўропе? Польшчу тады падазравалі ў таемнай дамоўленасці з Гітлерам пра падзел Чэхаславакіі, абвінавачвалі ў суаагрэсіі супраць гэтай краіны. Адказвае Юзаф Кшык.

— А як інакш гэта можна было ўспрымаць? Калі б падобнае адбылося сёння, рэакцыя была б такой жа. Польскі ўрад паступіў вельмі няўдала: мы заявілі правы на Заольззе ў дрэнным таварыстве і ў дрэнны момант. Чэхі, ужо не ўпэўненыя, ці праіснуе іх дзяржава да заўтра, прынялі ўльтыматум і пагадзіліся перадаць гэты край Польшчы. Але неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Ад самага пачатку чэхі лічылі пагадненні і з Германіяй, і з Польшчай навязанымі сілай і імкнуліся іх скасаваць.

— Спрэчка вярнулася падчас вайны. У адным з артыкулаў вы пішаце, што ўлетку 1945 года ледзь не пачалася польска-чэхаславацкая вайна. У адказ на польскія прэтэнзіі на Заольззе Прага запатрабавала Рацібуж (Racibórz) і Клодзка (Kłodzko), што праўда безвынікова. Чаму канфлікт аднавіўся?

— У тым ліку таму, што падчас Другой сусветнай вайны польска-чэхаславацкія адносіны не ўдалося ўрэгуляваць. Спачатку шмат што сведчыла пра магчымасць кампрамісу. Але ў 1943 годзе, перш чым яго дасягнулі, сітуацыя змянілася не на карысць Польшчы. Пасля раскрыцця Катынскага злачынства Сталін скарыстаўся нагодай, каб разарваць дыпламатычныя адносіны з польскім урадам. Адначасова ён зблізіўся з чэхаславацкім эміграцыйным урадам Эдварда Бенеша ў Лондане. Гэта падбадзёрыла чэхаў: яны разлічвалі, што цяпер да іх аргументаў будуць больш прыслухоўвацца. Яны спынілі перамовы з палякамі пра канфедэрацыю і падпісалі дамову аб дружбе і супрацоўніцтве з Савецкім Саюзам. Чым бліжэй быў канец вайны, тым большымі станавіліся іх патрабаванні і тым слабейшымі — польскія пазіцыі.

Слухайце аўдыё!

эж

 

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Прамяністы голас і чароўная ўсмешка – такім запомняць Карэла Гота

03.10.2019 12:47
Карэл Гот вырушыў у свой музычны шлях, спяваючы ў маленькай пражcкай кавярні на беразе Влтавы.

Дамова з д'яблам: як Польшча падпісала дэкларацыю з Трэцім Рэйхам

31.01.2020 07:58
Дакумент быў прыкладам гэтак званай палітыкі «аднолькавай адлегласці», якую стварыў Юзэф Пілсудскі адносна Германіі і СССР. 

Верасень 1939 года – агрэсія супраць Польшчы з трох бакоў: нападзенне Славакіі (ФОТА)

08.09.2023 06:02
У ваенным верасні 1939 года на Польшчу напалі не толькі Германія і СССР, але і Славакія.