Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

100 гадоў таму нарадзіўся Кшыштаф Скубішэўскі — першы кіраўнік польскай дыпламатыі пасля 1989 года

09.10.2026 15:34
Менавіта Кшыштаф Скубішэўскі падпісваў польска-германскі дагавор, які пацвердзіў мяжу па Одэры і Нысе, а таксама заключаў канкардат з Ватыканам. 
Аўдыё
  • 100 гадоў таму нарадзіўся Кшыштаф Скубішэўскі — першы кіраўнік польскай дыпламатыі пасля 1989 года
        (   28  1993 .),   :       ,       ,   :    , -   ( ),
Падпісанне Канкардату паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Польшчай (архіўнае фота ад 28 ліпеня 1993 г.), на пярэднім плане: Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Юзаф Кавальчык, міністр замежных спраў Польшчы Кшыштаф Скубішэўскі, на заднім плане: прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, прэм'ер-міністр Ганна Сухоцкая (часткова схавана), старшыня Сейма ВеслPAP/Aleksander Dunin-Kęplicz

Сто гадоў таму, 8 кастрычніка 1926 года, нарадзіўся Кшыштаф Скубішэўскі — правазнаўца і палітык, прыхільнік дыялогу з Германіяй і заключэння канкардату з Ватыканам. Ён стаў першым кіраўніком польскай дыпламатыі пасля дэмакратычных пераменаў 1989 года. Кавалер ордэна Белага Арла, ён памёр у 2010 годзе.

Прафесар міжнароднага права Кшыштаф Скубішэўскі не належаў да ніводнай партыі. Пасля 1980 года ўдзельнічаў у дзейнасці «Салідарнасці» і Вялікапольскага палітычнага клуба «Лад і свабода». Працаваў у Грамадскай радзе пры прымасе Польшчы, а пазней быў членам Кансультатыўнай рады пры старшыні Дзяржаўнай рады Польскай Народнай Рэспублікі Войцеху Ярузэльскім.

У верасні 1989 года Скубішэўскага прызначылі міністрам замежных спраў ва ўрадзе Тадэвуша Мазавецкага — першага некамуністычнага прэм’ер-міністра Польшчы пасля 1945 года. Ён узначальваў польскую дыпламатыю да кастрычніка 1993 года, працягваючы працаваць ва ўрадах Яна Кшыштафа Бялецкага, Яна Альшэўскага і Ганны Сухоцкай.

Менавіта Кшыштаф Скубішэўскі 14 лістапада 1990 года разам з Гансам-Дзітрыхам Геншэрам падпісаў польска-германскі дагавор, які пацвердзіў мяжу па Одэры і Нысе. Тады міністр падкрэсліў, што пагадненне дазваляе абодвум народам скіраваць свае намаганні ў будучыню:

— Палякам і немцам патрэбны мір у сэрцах і думках. Мы павінны глядзець не назад, а ў будучыню. Мы павінны жыць разам.

Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама вёў перамовы аб польска-германскім дагаворы аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве, заключаным праз год.

У 1993 годзе Кшыштаф Скубішэўскі падпісаў канкардат паміж Польшчай і Ватыканам. Пагадненне, заключанае пры ўрадзе прэм’ер-міністаркі Ганны Сухоцкай, набыло моц праз некалькі гадоў — у 1998-м.

На цырымоніі падпісання канкардату міністр Скубішэўскі падкрэсліў яго гістарычнае значэнне для Польшчы:

— Апостальская Сталіца, якая існуе дзве тысячы гадоў, і тысячагадовая польская дзяржава зноў звязваюць сябе гэтай даўняй і праверанай прававой формай — канкардатам.

Прафесар Скубішэўскі таксама ініцыяваў супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Цэнтральнай Еўропы і паміж краінамі Веймарскага трохкутніка — Германіяй, Францыяй і Польшчай. Падчас яго працы на пасадзе міністра пачаліся перамовы аб сяброўстве Польшчы ў НАТА.

Да найважнейшых задач польскай знешняй палітыкі Кшыштаф Скубішэўскі адносіў супрацоўніцтва з Паўночнаатлантычным альянсам і развіццё сувязяў з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта ён казаў, у прыватнасці, у 1992 годзе:

— Польшчы не пагражае ніякая ізаляцыя. Часам, магчыма, было б нават добра, каб нас крыху пакінулі ў спакоі, але мы знаходзімся ў такім месцы ў Еўропе, што ніякай ізаляцыі не будзе. І задача ў тым, каб выкарыстаць гэтае становішча на нашу карысць, а не так, як было дагэтуль, калі яно прыносіла нам паразы і няўдачы.

Вучань, а пазней супрацоўнік Кшыштафа Скубішэўскага, прафесар Ян Сандорскі, які памёр у 2018 годзе, успамінаў у 2010-м, што Скубішэўскі карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод заходніх спецыялістаў у міжнародным праве. Сандорскі пераканаўся ў гэтым у 1970 годзе ў Оксфардзе:

— Я пішу працу на атрыманне ступені доктара габілітаванага пад кіраўніцтвам вельмі вядомага брытанскага правазнаўцы сэра Гамфры Уолдака. Уолдак пытаецца, з якога я польскага ўніверсітэта. Я адказваю, што з Познаньскага ўніверсітэта і што працую з прафесарам Скубішэўскім. І што на гэта сказаў Уолдак? «О, Скубі, ён сапраўды вельмі добры».

Сам прафесар Скубішэўскі ў 1990 годзе ў эфіры Польскага радыё сказаў, што лічыць сваім прафесійным поспехам выбар тых пытанняў міжнароднага права, якія і дагэтуль яго вельмі цікавяць. Ён дадаў, што міністрам бываюць пэўны час, а прафесіяй займаюцца значна даўжэй.

— Я люблю сваю прафесію і з задавальненнем займаюся міжнародным правам. Вядома, на пасадзе міністра — няшмат, але сувязі з міжнародным правам не губляю. Я адчуваю сябе ў ім упэўнена і ўмею ім займацца. А паколькі міністрам я, на шчасце, не буду вечна, бо ўвогуле нішто не вечнае, то ўсё яшчэ спадзяюся вярнуцца да свайго міжнароднага права. Гэта таксама вельмі пажадана з гледзішча больш шырокіх грамадскіх інтарэсаў. Гэтым правам трэба займацца. У сапраўднага навукоўца ёсць час толькі на дзве рэчы — на навуку і на жанчын. Не ведаю, ці ва ўсіх так, але ў мяне ўсё ж пераважала навука.

Кшыштаф Скубішэўскі памёр 8 лютага 2010 года.

Успамінаючы правазнаўцу і дыпламата ў 2010 годзе, доктар Стэфан Франкевіч, пасол Польшчы пры Апостальскай Сталіцы ў 1995–2001 гадах, падкрэсліў, што прафесара Скубішэўскага цанілі і за кампетэнтнасць, і за чалавечыя якасці:

— Паслядоўнасць, сціпласць. Я б сказаў, ужыўшы нямодны выраз, — пакора перад рэчаіснасцю, якой ён служыў. А служыў ён і Польшчы, і грамадству, але таксама і Касцёлу. Тут, вядома, варта згадаць яго вялікую заслугу — заключэнне канкардату.

Кшыштафа Скубішэўскага пахавалі ў Пантэоне вялікіх палякаў у храме Божага Провіду ў Варшаве.

Прафесар Скубішэўскі выкладаў у Францыі, Швейцарыі, ЗША і Вялікабрытаніі. Апублікаваў шмат навуковых прац, быў суаўтарам аўтарытэтнага падручніка «Міжнароднае публічнае права. Нарыс курса». Атрымаў званне ганаровага доктара некалькіх універсітэтаў, у тым ліку Гентскага ўніверсітэта і Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Быў узнагароджаны, сярод іншага, французскім ордэнам Ганаровага легіёна ў ступені вялікага афіцэра, Вялікім крыжам ордэна Пія IX і Вялікім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы.

Разам з Гансам-Дзітрыхам Геншэрам ён стаў лаўрэатам прэміі міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі, заснаванай у 1993 годзе. У 2005-м атрымаў польска-германскую прэмію Pomerania Nostra, якую прысуджаюць за асаблівыя заслугі перад Памор’ем. Праз чатыры гады за выдатныя заслугі перад польскай дыпламатычнай службай і навуковыя дасягненні на міжнароднай арэне быў узнагароджаны ганаровым знакам Bene Merito.

Слухайце аўдыё! 

эж

«Мы змагаліся, але пастаянна памяталі пра Варшаўскае паўстанне і разумелі, што не можам дапусціць кровапраліцця» - 43 гады таму ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча

13.12.2024 19:36
На вуліцы гарадоў краіны былі выведзеныя танкі і бронетэхніка, выйшлі ўзброеныя вайсковыя патрулі, улады адключылі тэлефоны, была ўведзеная каменданцкая гадзіна.

36 гадоў таму польскаму Беламу Арлу вярнулі карону, а Польская Народная Рэспубліка стала Рэспублікай Польшча

29.12.2025 06:02
Прынятыя папраўкі ўнеслі фундаментальныя змены ў Канстытуцыю ПНР, тым самым разбурыўшы асновы прававой сістэмы, звязанай з савецкай Масквой.

Як у Лодзі ў 1981 годзе праходзіў найдаўжэйшы акупацыйны студэнцкі страйк у Еўропе

23.01.2026 12:42
Поспехам пратэстоўцаў стала згода камуністычных уладаў — атрыманая 17 лютага — на рэгістрацыю NZS - Niezależnego Zrzeszenia Studentów (Незалежнага студэнцкага саюза). 

Цэнзура ў ПНР: кантралявалі не толькі кнігі і фільмы, але нават некралогі і этыкеткі на таварах

11.04.2026 14:21
У Польшчы 36 гадоў таму адмянілі цэнзуру, якая існавала ў краіне з 1944 года.