Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Штучны інтэлект умее дыягназаваць рак эфектыўней за чалавека

07.01.2021 14:27
Праз некалькі гадоў дыягназ у бальніцы не будзе ставіць лекар, а машына, якая параўнае вынікі нашых аналізаў або рэнтгенаграфіі з мільёнамі падобных вынікаў і скажа, з вялікай дакладнасцю, хварэем мы, ці не.
Аўдыё
  • У якіх галінах штучны інтэлект мае найбольш поспехаў?
Здымак мае ілюстрацыйны характарshutterstock.com/Phonlamai Photo

Сфера медыцыны ў 2020 была поўнасцю ахоплена пандэміяй каранавіруса і бадай усе рэсурсы накіраваліся на стварэнне вакцыны. Навукоўцы, аднак, у свой час развівалі і іншыя тэхналогіі, у тым ліку штучны інтэлект, які неўзабаве можа стаць неад’емнай часткай кабінетаў і лабараторыяў.

Выкарыстанне новых тэхналогій у галіне дыягностыкі адбываецца ўжо многія гады, аднак, у 2020 годзе мы сталі сведкамі важных адкрыццяў, звязаных з анкалогіяй. Створаная Гуглам праграма Deepmind вывучыла схему дыягностыкі рака малочнай залозы. Штучны інтэлект на аснове рэнтгенаўскіх або тамаграфічных здымкаў у стане знайсці самыя маленькія, пачатковыя клеткі хваробы хутчэй і дакладней за людскае вока. Амерыканскае таварыства рака інфармуе, што падчас дыягназу радыёлагі не заўважаюць нават 20% выпадкаў рака. Выкарыстанне новай тэхналогіі, якая ўсё яшчэ вывучаецца і з часам павінна стаць толькі больш дакладнай, дае надзею на пачатак новай эры ў медыцыне. Пра вынікі працы праграмы Deepmind кажа доктар Каралі Жольнай-Фэер:

-Гэтае адкрыццё рэвалюцыйнае, таму што хуткая дыягностыка рака - ключавая для лекавання хворых. І пытанне, як у рэчаіснасці яно працуе. Падчас даследавання былі выпадкі, калі прысутнасць ракавых клетак не заўважыў ніводзін з лекараў-адмыслоўцаў, а штучны інтэлект знайшоў. Былі і адваротныя выпадкі. Гэта мы называем фальшыва-пазітыўнымі і фальшыва-негатыўнымі вынікамі. З першай сітуацыяй мы маем дачыненне, калі пастаўлены дыягназ памылкова апынецца пазітыўным. Адпаведна фальшыва-негатыўны абазначае, што вынік павінен быў быць пазітыўным, а выйшаў негатыўным. Звычайна ў медычнай сферы, калі наш пацыент атрымае любы вынік, іншы адмысловец павінен праверыць яго яшчэ раз. Такім чынам навуковец усё роўна праверыць вынік, які штучны інтэлект мог ацаніць дрэнна. Тут варта зірнуць на лічбавыя вынікі даследавання з ужыццём Deepmind. У ЗША колькасць фальшыва-пазітыўных дыягназаў зменшылася на 5,7%, а фальшыва-негатыўных на 9,4%. Гэта пераломнае даследаванне, бо адначасова зменшыла прысутнасць абодвух паказчыкаў. Неверагодна!

Чарговае дасягненне ў працы са штучным інтэлектам у галіне медычных навук належыць да даследчыкаў Інстытута тэхналогіі штата Масачусетс (MIT). Яны навучылі штучны інтэлект выяўляць прысутнасць каранавіруса па… кашлю. І гэтая сістэма працуе нават у людзей, якія праходзяць хваробу, выкліканую вірусам, бессімптомна. Можа неўзабаве дастатковым будзе закашляць у тэлефон, каб даведацца хварэем мы covidам, ці не. Падрабязнае даследаванне апісаў MIT у сваім падкасце:

-Розніцу паміж кашлем здаровага чалавека і таго, у каго бессімптомны covid, немагчыма адрозніць вухам чалавека. Аднак аказалася, што каранавірус можа знайсці штучны інтэлект. Каманда даследчыкаў МІТ(эМаЙТі) выпрацавала сістэму, якая ўмее адрозніць здаровага і хворага чалавека на аснове запісаў вымушанага кашлю. Каб распрацаваць праграму, даследчыкі выкарысталі тысячы прыкладаў кашлю, якія яны атрымалі дабравольна, запісаных на тэлефоны і камп’ютары. Пасля нейкага часу, калі яны прэзентавалі штучнаму інтэлекту запіс кашлю, ён з дакладнасцю 98,5% змог ацаніць – гэта covid, ці не. Навукоўцы кажуць, што на аснове запісу кашлю людзей з пазітыўным вынікам на каранавірус, але без сімптомаў, праграма магла вылучыць шэраг рысаў кашлю, неадчувальных для людскага вуха. Што цікава, інтэлект дасягнуў горшых вынікаў у дыягностыцы людзей з сімптомамі. Навукоўцы мяркуюць, што прычынай гэтага можа быць факт, што прысутнасць сімптомаў часта спалучаецца з іншымі хваробамі, як астма, і сістэма яшчэ не знаходзіць яе рысаў. Такім чынам, яны падкрэсліваюць, што сістэма не можа быць прыдатнай у выпадку сімптомнага заражэння каранавірусам. Зараз яны спрабуюць стварыць прыкладанне, у якім кожны зможа праверыць свой кашаль на прысутнасць covid.

Яшчэ адзін праект, які дапамагае знайсці цяжкую хваробу дачасна, называецца LungLifeAI. Група навукоўцаў распрацоўвае сістэму, якая можа знайсці пачатковыя стадыі развіцця рака лёгкіх і такім чынам распачаць лекаванне раней, чым у выпадку, калі б хваробу знайшоў чалавек.

-На сёння 85% выпадкаў рака лёгкіх выяўляецца ў познай стадыі. Гэта абазначае, што няшмат людзей можна вылечыць. Асноўны прынцып любой медычнай навукі гэта: чым раней, тым лепш. Чым раней пастаўлены дыягназ, тым больш магчымасцяў выжыць мае пацыент. Гэты вынік карысны для кожнага. Цяперашняя медыцына базуецца выключна на клінічных тэстах. Мы пачынаем разумець, што патрабуем дапамогі штучнага інтэлекту. LungLife плануе даць магчымасць лепшага лекавання дзякуючы дачаснай дыягностыцы рака лёгкіх. У большасці выпадкаў гэтай хвароба праяўляецца ў позняй стадыі, мы хочам гэта змяніць, каб можна было прымаць больш мераў у ратаванні пацыента і даць яму шанец выжыць. Мы бярэм кроў ад чалавека, ізалюем пэўныя клеткі з гэтай крыві і потым праводзім тэсты з дапамогай флюарэсцэнцыі, а нашыя тэхнікі правяраюць вынікі разам з праграмай, якая заснаваная на штучным інтэлекце. Гэта дазволіла скараціць час праверкі з паўтары гадзіны да 30 хвілін. Працэс поўнасцю аўтаматычны. Праграма, якая сама вучыцца знаходзіць хворыя клеткі на аснове алгарытмаў, сур’ёзна прыспешыла працу над аналізамі. Да таго, яна часта знаходзіць прызнакі інфекцыі, калі чалавек іх раней не знайшоў.

І гэта толькі некаторыя сітуацыі, у якіх, дзякуючы развіццю тэхналогій, у недалёкай будучыні можна будзе раней пазбягаць цяжкіх захворванняў. З прыведзеных прыкладаў вынікае адно: тэхналогія ды выкарыстанне штучнага інтэлекту будзе ўсё больш прысутным у медычных навуках. Ужо сёння можна дапусціць, што праз некалькі гадоў дыягназ у бальніцы не будзе ставіць лекар, а машына, якая параўнае вынікі нашых аналізаў або рэнтгенаграфіі з мільёнамі падобных вынікаў і скажа, з вялікай дакладнасцю, хварэем мы, ці не. Гэтыя змены дазволяць хутчэй выкрываць хваробы, дапасоўваць працэс лекавання, а ў выніку выратаваць мільёны людзей па ўсёй планеце.

Альберт Ежы Вяжбіцкі