Польшча пачала спецаперацыю на мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ пасля папярэджанняў польскай і саюзніцкіх разведак пра магчымыя дыверсіі. Да аперацыі ў Вармінска-Мазурскім і Падляскім ваяводствах прыцягнулі дадатковыя сілы паліцыі і вайсковы спецназ. У гэты ж час у ЗША дэмакраты выйгралі прамежкавыя выбары і атрымалі большасць у абедзвюх палатах Кангрэса.
Журналіст Беларускай службы Польскага радыё Юрый Ліхтаровіч разглядае аперацыю як працяг палітыкі, якую Варшава пачала пасля таго, як рэжым Лукашэнкі выкарыстаў мігрантаў для ціску на Польшчу і Еўрасаюз.
— Польшча пастаянна ўмацоўвае ўсходнюю мяжу. Пра гібрыдныя пагрозы кажуць і палякі, і прадстаўнікі краін Балтыі, і ўкраінцы. Узмацненне аховы Сувалкскага калідора і мяжы з Калінінградскай вобласцю ды Беларуссю вынікае з разумення гэтай пагрозы. Гэта элемент стрымлівання.
Журналіст згадвае паведамленні пра нібыта ўцёкі вязняў з турмы паблізу польскай мяжы. Паводле адной з версій, якую прыводзіць Ліхтаровіч, гэта магло быць прыкрыццём для праверкі рэакцыі польскіх сілавых ведамстваў. У размове згадваліся і іншыя пагрозы: інцыдэнты з дронамі, вярбоўка людзей для дыверсій і спробы перашкодзіць транзіту.
Павелічэнне гібрыдных пагроз адбываецца на фоне спрэчкі паміж прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім і ўрадам Дональда Туска вакол Канстытуцыйнага суда. Расійская і беларуская дзяржаўныя прапаганды падаюць гэты канфлікт як прыкмету дзяржаўнага калапсу Польшчы.
— Я бачыла, як людзі пратэставалі супраць таго, што адбывалася з Канстытуцыйным судом, яшчэ калі папярэдняя кіроўная партыя фактычна падмяла яго пад сябе. Магчымасць выказаць сваё меркаванне — нармальны працэс у дэмакратычным грамадстве. У Польшчы прыхільнікі розных лагераў могуць рэалізаваць сваё права на мірны пратэст, — кажа публіцыстка Аксана Колб.
Колб таксама не бачыць небяспекі ў самой сустрэчы Наўроцкага з прадстаўнікамі прарасійскай «Канфедэрацыі польскай кароны» Гжэгажа Браўна, якая адбылася ў сувязі з канфліктам вакол судовай улады. У размове аналітыкаў прагучала і шырэйшае пытанне: ці ўзмоцняцца да выбараў 2027 года сілы, якія выступаюць за аднаўленне кантактаў з Масквой і афіцыйным Мінскам, і ці паўторыцца ў Польшчы нямецкі сцэнар ізаляцыі АдГ.
Што да ЗША, Колб звязвае вынік выбараў у тым ліку з высокімі цэнамі на паліва і пакуль не чакае змен у дыялогу з Мінскам. У размове таксама закранулі магчымы імпічмент і абнаўленне Рэспубліканскай партыі пасля поспеху дэмакратаў.
— Дональд Трамп можа працягваць дамаўляцца з Расіяй, уводзіць мыты і скарачаць вайсковую прысутнасць у Еўропе. Але дзейнічаць так радыкальна яму будзе цяжэй: Кангрэс зможа праводзіць слуханні і расследаванні супраць яго і яго людзей, — кажа Ліхтаровіч. Для Беларусі і Украіны журналіст бачыць у выніку выбараў сігнал, што падтрымка дэмакратыі, незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці можа зноў стаць прыярытэтам ЗША.
Аксана Колб і Юрый Ліхтаровіч таксама абмеркавалі, ці зменіць перамога дэмакратаў у Кангрэсе дыялог Вашынгтона з афіцыйным Мінскам і чаго ад вынікаў выбараў чакаюць у Беларусі і Украіне. У далучаным гукавым файле слухайце таксама пра стрымліванне Расіі і перспектывы правых сіл на будучых парламенцкіх выбарах у Польшчы.
эж