Пасля саміту НАТА ў Анкары, дзе саюзнікі пацвердзілі падтрымку Украіны і зрабілі новыя заявы адносна вайны Расіі, у рэгіёне зноў узмацніліся дыскусіі пра магчымыя сцэнары далейшага развіцця падзей. Адно з галоўных пытанняў для Беларусі — ці можа рэжым Аляксандра Лукашэнкі пайсці на прамое ўцягванне беларускіх вайскоўцаў у расійскую агрэсію. Палітычны аглядальнік Павел Усаў і публіцыстка Аксана Колб у праграме «Палітычнае люстэрка» прааналізавалі сітуацыю і ацанілі рэальныя рызыкі для краіны.
Размова экспертаў ахапіла вынікі саміту НАТА ў Анкары, змены ў падыходах адміністрацыі Дональда Трампа да вайны Расіі супраць Украіны, адносіны паміж Варшавай і Кіевам, а таксама ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы. Асаблівая ўвага была нададзена пытанню: ці можа Крэмль выкарыстаць беларускую тэрыторыю для пашырэння ваеннага супрацьстаяння.
Паводле Аксаны Колб, непасрэднае ўступленне Беларусі ў вайну не адпавядае інтарэсам Лукашэнкі, бо гэта стварае пагрозу яго ўласнай уладзе.
— Я не лічу, што Беларусь у прынцыпе можна ўцягнуць у гэты канфлікт. Калі б гэта было магчымым або неабходным для Расіі, такое рашэнне магло быць прынятае раней. Але для Лукашэнкі ўдзел у вайне азначаў бы вельмі вялікія рызыкі. Гэта не толькі пытанне нежадання адпраўляць людзей на фронт — гэта пытанне захавання ўлады. Уцягванне ў вайну азначала б неабходнасць раздаваць зброю, ствараць сітуацыю, якую потым будзе цяжка кантраляваць, — адзначыла экспертка.
Павел Усаў звярнуў увагу, што галоўнай пагрозай могуць стаць не столькі афіцыйныя рашэнні Мінска, колькі магчымыя правакацыі з боку Расіі.
— Калі глядзець лагічна і з пункту гледжання ваенных канфліктаў, якія пашыраюцца або згасаюць, сёння не відаць падставаў да непасрэднай эскалацыі з тэрыторыі Беларусі. Але нельга забываць пра рызыку правакацый. Мы не ведаем, якія планы могуць быць у расійскіх спецслужбаў і якія дзеянні яны могуць здзейсніць у сітуацыі, калі Расія будзе шукаць новыя магчымасці для ціску на Захад, — сказаў палітычны аглядальнік.
Эксперты адзначаюць: Беларусь ужо стала часткай расійскай ваеннай інфраструктуры і выкарыстоўваецца Масквой у супрацьстаянні з Украінай і Захадам. Аднак прамое адпраўленне беларускіх войскаў на вайну пакуль застаецца сцэнаром, які стварае сур’ёзныя рызыкі найперш для самога рэжыму ў Мінску.
Перадачу «Палітычнае люстэрка» слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж