Беларуская Служба

Няведанне мовы, цяжкасці з легалізацыяй, самотнасць — гэта найбольш частыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія палітычныя ўцекачы ў Еўропе

01.07.2026 06:12
На дапамогу ім прыходзяць суайчыннікі, якія часта самі спазналі падобны лёс. У розных краінах Еўропы ўзнікаюць цэнтры беларускай салідарнасці.
Аўдыё
  • Беларусы дапамагаюць беларусам за мяжой
Ілюстрацыйнае фотаImage by Michal Jarmoluk from Pixabay/CC0

Паводле інфармацыі Belpol больш за палову мільёна беларусаў сталі ахвярамі рэпрэсій за апошнія 6 гадоў. Ратуючыся ад пераследу тысячы з’ехалі з Беларусі. Сярод уцекачоў знайшліся тыя, хто пачаў дапамагаць сваім суайчыннікам у вымушанай эміграцыі. Спачатку гэта была асабістая падтрымка для асобных людзей, але з часам некаторыя ініцыятывы ператварыліся ў сапраўдныя цэнтры беларускага жыцця ў выгнанні.

Так сталася, напрыклад, у італьянскай Фларэнцыі, пра што Польскаму радыё распавяла дырэктарка мясцовага Цэнтру беларускай супольнасці Юлія Юхно.

— Я сама прайшла такі шлях і разумею, што гэта складана. Ад гэтага ўсё пачалося, я лічу сваёй місіяй дапамагаць людзям. Так з’явіўся шэлтар у Фларэнцыі. На дадзены момант у Італіі не так шмат беларусаў, людзі, калі ўцякаюць, не выбіраюць краіну, а едуць туды, куды бліжэй. На дадзены момант у нас у шэлтары жыве пяць чалавек, і яшчэ адзін неўзабаве прыедзе. Яшчэ я кансультую адначасова 10-15 кейсаў. Усіх беларусаў у Італіі каля 10 тысяч. У першую чаргу людзям патрэбна дапамога з легалізацыяй, у нас гэта вельмі складана зрабіць увогуле, патрэбна ісці ў паліцыю, каб падаць заяву аб наданні статусу ўцекача. Людзі не ведаюць мовы, і гэта складана. Ёсць іншыя цяжкасці з атрыманнем даты разгляду справы. У нас ўсё адбываецца па іншаму, не так, як у Польшчы. Ёсць яшчэ Дубленскія пагадненні, што таксама ўскладняе працу. Асноўная праблема — няведанне мовы і адсутнасць нейкай базы, з якой чалавек можа пачаць.


Таксама беларусам аказваюць дапамогу ў Польшчы. Напрыклад, у Варшаве дзейнічае адмысловы прытулак або шэлтар для тых, хто ўцёк з Беларусі ў выніку палітычнага пераследу. Пра тое як працуе згаданы шэлтар патлумачыла Польскаму радыё адна з заснавальніц установы, былая палітзняволеная Алеся Буневіч.

— Я пэўны час пасля вызвалення нікуды не звярталася, мне здавалася, што ўсё добра, а потым проста правалілася ў глыбокую дэпрэсію. Я разумела, што не магу нічога зрабіць, ніяк не ўплываю на тое, што мае сяброўкі, мае сябры застаюцца за кратамі. Але з цягам часу, калі пачалі прыязджаць усё больш і больш людзей, я зразумела, што ў дапамозе я магу знайсці сябе, я магу прыносіць карысць і не адчуваць сябе такой абсалютна аморфнай істотай. Так, атрымалася, што калі я прыехала ў Варшаву і жыла ў шэлтары як былая палітзняволеная, дырэктарка шэлтара мне прапанавала працу, яна ўбачыла, што ў мяне ёсць адміністрацыйныя навыкі. Мы знайшлі фінансаванне і пачалі выбудоўваць нашу фундацыю, цяпер адкрылі новы шэлтар. Я вельмі задаволена, што ёсць магчымасць хаця б кропкава дапамагаць людзям. Для мяне вельмі важна тое, што большасць гэтых людзей потым вяртаюцца да нас валанцёрамі. Калі я бачу нашых жыхароў, якія жылі ў нас месяц-два, год таму, а цяпер яны прыходзіць да нас на талаку, прыходзяць да нас і дапамагаюць іншым, я разумею, што ўсё правільна зроблена, і я ганаруся гэтымі людзьмі.

Беларускі палітвязень Вітольд Ашурак, які быў закатаваны ў лукашэнкаўскай турме, сказаў вельмі ёміста пра салідарнасць паміж беларусамі, што беларус беларусу беларус. Апошнія гады ў розных частках Еўропы гэты прынцып рэалізуюць на практыцы тысячы беларусаў. Сёння мы пазнаёмілі вас з двума прыкладамі: з Італіі ды Польшчы.

Юры Ліхтаровіч