Беларуская Служба

Гісторык: Радзівілы бралі грошы ў Расіі, а Касцюшка прысвяціў усяго сябе Айчыне

11.02.2021 10:02
Тадэвуш Касцюшка быў ростам 164 см і вельмі любіў каву, але  ў гісторыю ўвайшоў героем змагання за незалежнасць некалькіх краін.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Т.Касцюшка.
          1792 .
Тадэвуш Касцюшка падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расійскай імперыяй у 1792 годзе.Commons.wikimedia.org/Public domain

4 лютага 1746 года, 275 год таму, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, удзельнік Вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі, генерал і галоўнакамандуючы Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі ў паўстанні 1794 года ў Рэчы Паспалітай — апошняй спробе выратаваць ад акупацыі суседнімі краінамі — Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй рэштак польска-літоўскай дзяржавы, якая ўключала таксама частку зямель сучасных Беларусі, Украіны і Латвіі.

Мы цяпер успрымаем Касцюшку як героя, а гэта быў невысокі мужчына — ростам 164 см, які вельмі любіў каву. Гэта быў перш за ўсё чалавек, але бясспрэчна — з вялікай літары: Чалавек.

Анджай Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746–1817) — так гучыць поўнае імя героя — нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына ў Вялікім Княстве Літоўскім, якое складала разам з Польскім Каралеўствам саюзную дзяржаву — Рэч Паспалітую.

Месца нараджэння Касцюшкі цяпер з'яўляецца музейным комплексам каля горада Косава, у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі.

Земляком Касцюшкі быў тагачасны і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798), які нарадзіўся ў Воўчыне, цяпер вёсцы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Тут знаходзілася сядзіба бацькі будучага караля — кашталяна кракаўскага Станіслава Панятоўскага і яго жонкі Канстанцыі, дачкі найбагацейшага магната Казімежа Чартарыйскага. Менавіта таму Касцюшка і Панятоўскі вельмі папулярныя ў сучаснай Беларусі. Хоць тыя тэрыторыі, на якіх яны прыйшлі на свет, з аднаго боку, уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а з другога, былі населены, мяркуючы па даных мовазнаўства мяжы XIX–XX стагоддзяў, насельніцтвам, што гаварыла на дыялектах ўкраінскай мовы, і гэта мова там, на вёсцы, да гэтага часу жывая.

Такім чынам, Касцюшка, як і Панятоўскі — значныя асобы для Польшчы, але імі ганарацца і іншыя народы і краіны. Прычым Касцюшка папулярны ў абодвух паўшар'ях. І вось чаму.

У 14 гадоў ён выбраў ваенную кар'еру, паступіўшы ў створаную Станіславам Аўгустам Панятоўскім Варшаўскую рыцарскую школу —фактычна ваенную акадэмію, дзе рыхтавалі афіцэраў. У 1769 годзе Касцюшка з'ехаў у Францыю. У Парыжы вучыўся ў Акадэміі жывапісу і скульптуры. У той час сфарміраваліся яго палітычныя погляды.

Ён ненадоўга вярнуўся на бацькаўшчыну ў 1774 годзе, а затым адправіўся на Захад у пошуках працы. Там даведаўся пра вайну ў ЗША. Ён прыбыў на амерыканскую зямлю праз месяц пасля абвяшчэння краінай незалежнасці — у 1776 годзе. Прызначаны інжынерам амерыканскай арміі, ён праславіўся будаўніцтвам умацаванняў у прыватнасці ў знакамітым Вэст–Пойнце. За заслугі атрымаў званне брыгаднага генерала. Помнікі Касцюшку стаяць у розных мясцовасцях ЗША, у тым ліку каля Белага дома ў Вашынгоне, дзе яго прызнаюць нацыянальным героем.

Помнікі Касцюшку ў Беларусі стаяць у Мерачоўшчыне і на тэрыторыі пасольства ЗША ў Мінску. 3 лютага дыпламаты з больш чым дзясятка краін, у тым ліку Польшчы, усклалі кветкі да мінскага помніка Касцюшку.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, незадоўга да таго, як пакінуў сёлета ў студзені сваю пасаду, падпісаў указ аб стварэнні «Нацыянальнага парку амерыканскіх герояў». Сярод амаль двухсот пяцідзесяці дзеячаў, якія тут будуць ушанаваны, — і Тадэвуш Касцюшка.

Марак Валкускі, карэспандэнт Польскага радыё ў Вашынгтоне: — Дональд Трамп заявіў пра намер стварыць «Нацыянальны парк амерыканскіх герояў» яшчэ ў ліпені мінулага года — у адказ на дэманстрацыі Black Lives Matter, якія пракаціліся па ЗША леташняй вясной мінулага года, і ў выніку якіх былі знішчаны або пашкоджаны многія помнікі героям ЗША мінулых стагоддзяў, у т.л. Тадэвушу Касцюшку.

За два дні да таго, як Дональд Трамп пакінуў Белы дом, ён выдаў указ, які ўключае поўны спіс дзеячаў, якіх трэба ўшаноўваць у парку — прэзідэнтаў, вайскоўцаў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў, бізнесменаў, вынаходнікаў, вучоных, спартсменаў, пісьменнікаў і людзей культуры. Акрамя Тадэвуша Касцюшкі, сярод іх — Джордж Вашынгтон, Рональд Рэйган, Элвіс Прэслі, Луі Армстранг, Уолт Дысней, Хрыстафор Калумб, Генры Форд, Альберт Эйнштэйн і Мухамад Алі.

Прэзідэнт ЗША стварыў камісію, якая будзе назіраць за ажыццяўленнем праекта і выбера яго месцазнаходжанне.

Памяць аб Касцюшку ўвекавечана ў многіх краінах свету — ад Беларусі да Аўстраліі, дзе ў яго гонар названа гара, і да Санкт-Пецярбурга, дзе ёсць вуліца Касцюшкі.

Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую ў 1784 годзе Касцюшка ўключыўся ў палітычную дзейнасць. Пасля павелічэння рашэннем Вялікага Сейма арміі краіны да 100 000 салдат ён быў прызначаны генералам войск Польскага Каралеўства. Вызначыўся ў барацьбе з расійскімі войскамі ў 1792 годзе, за што быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari. У той час Расія ўжо фактычна кантралявала Рэч Паспалітую, ажыццявіўшы ў 1772 годзе, а затым у 1793-м адрыў ад яе тэрыторый, цяпер якія ўваходзяць у склад Беларусі, Украіны і Латвіі.

Касцюшка затым ненадоўга эмігрыраваў з Рэчы Паспалітай.

Паўстанне пад кіраўніцтвам Касцюшкі пачалося ў 1794 годзе — на Рынку ў Кракаве.

Мар'ян Марак Драздоўскі, даследчык: — У гэтым паўстанні ўдзельнічалі розныя слаі грамадства — і гараджане, у тым ліку яўрэйскае насельніцтва, і сяляне. Касцюшка наведваў касцёлы, сінагогі. Ён быў ініцыятарам усенароднага паўстання, а не шляхецкага, у адрозненне, напрыклад, ад Барскай канфедэрацыі (аб'яднанне каталіцкай шляхты, створанае ў мясцовасці Бар на Падоллі (Украіна) у 1768 годзе для абароны ўнутранай і знешняй самастойнасці Рэчы Паспалітай ад ціску Расійскай імперыі. — Рэд.). Такім чынам, пачалося ўсенароднае паўстанне, якое прапанавала праграму рэформ у грамадстве, сярод яе палажэнняў была апора дзяржавы на гараджан, надзяленне грамадзянскімі правамі яўрэяў. У сувязі з гэтым гучалі заклікі ў сінагогах падтрымаць фінансава паўстанне. Касцюшка гаварыў пра паўстанне як пра нацыянальную рэвалюцыю. Ён не мог адмовіцца ад падтрымкі шляхты. Ён не мог правесці радыкальныя рэформы, калі гаварыць пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Тады рабіліся толькі першыя крокі ў гэтым кірунку.

Касцюшка падчас паўстання праявіў сябе як дальнабачны палітык. Сучасныя пакаленні могуць карыстацца многімі яго ідэямі.

Лешак Марак Кшэсняк, Польскі фонд Касцюшкі: — Калі пачалося паўстанне, Касцюшка звярнуўся з адным з першых зваротаў да жанчын, якія ў тыя часы былі, на жаль, адсунуты ад грамадскага жыцця. Ён таксама з павагай ставіўся да сялян, звяртаючыся да іх: «Грамадзяне!» У тыя часы гэта было чымсьці незвычайным. Ён спрабаваў аб'яднаць усе колы грамадства вакол ідэі свабоды.

10 кастрычніка (29 верасня) 1794 года ў бітве з расійскімі войскамі пад Мацеявіцамі Касцюшка быў цяжка паранены. Расіяне ўзялі яго ў палон.

Пад чужым прозвішчам («шляхціц Шыманскі») вакольным шляхам 10 снежня 1794 года яго даставілі ў расійскую сталіцу — Санкт-Пецярбург. Каб абмінуць тэрыторыі, усё яшчэ ахопленыя паўстаннем, яго везлі праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск, Пскоў і Ноўгарад.

Касцюшка ў турме меў магчымасць атрымліваць газеты, кнігі, пра стан яго здароўя дакладвалі асабіста расійскай імператрыцы Кацярыне II.

Прыгавор Касцюшку расіянамі па розных прычынах так і не быў вынесены. Неўзабаве пасля яе смерці, 26 лістапада 1796 года, Касцюшку наведаў новы імператар Павел I, які паабяцаў вызваліць героя.

28 лістапада датуецца запіс аб зробленай па даручэнні імператара Паўла І прапанове Касцюшку аб паступленні на расійскую ваенную службу, аднак той адмовіўся.

30 лістапада Касцюшка быў вымушаны падпісаць «Прысягу на вернасць» з абавязацельствам абараняць інтарэсы імператара і яго спадчынніка Аляксандра. Пасля прынясення прысягі Касцюшка атрымаў свабоду.

Павел I загадаў выплаціць Касцюшку 12 тысяч рублёў — кошт 1000 прыгонных душ.

Праз два гады, 4 жнiўня 1798 года, запрошаны ў Парыж для фарміравання польскіх легіёнаў, Касцюшка напісаў расійскаму імператару, што не лічыць магчымым выконваць прысягу, дадзеную пад ціскам, і вярнуў падораныя яму грошы. Праз два месяцы па загадзе імператара ва ўсіх храмах Заходніх губерань (г.зн. на тэрыторыях сучасных Літвы, Беларусі і Украіны) падчас нядзельнай службы зачытвалася распараджэнне, згодна з якім у выпадку з'яўлення на расійскай зямлі Касцюшкі, той павінен быў быць арыштаваны.

Літаральна на днях пасольства Расіі ў Беларусі раскрытыкавала Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусі і МЗС РБ, якія ў сувязі з 275-годдзем з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі адзначылі важнасць гэтай постаці для Беларусі.

Пасольства Расіі працытавала выказванне Касцюшкі, зробленае ў маі 1789 года. У ім гаворыцца: „Przyzwyczajać ich (русінаў, г.зн. жыхароў Рэчы Паспалітай — продкаў сучасных беларусаў і ўкраінцаў. — Рэд.) potrzeba do polskiego języka, niech w polskim języku wszystkie ich nabożeństwa będą. Z czasem duch polski w nich wejdzie. Za nieprzyjaciela sądzić będą potem tego, który by nie umiał języka narodowego...” («Трэба прывучыць іх (русінаў, г.зн. жыхароў Рэчы Паспалітай — продкаў сучасных беларусаў і ўкраінцаў. — Рэд.) да польскай мовы, хай па-польску будуць у іх усе набажэнствы. З цягам часу ў іх увойдзе польскі дух. Потым будуць лічыць ворагам таго, хто не гаворыць на нацыянальнай мове» (цыт. паводле: „Pisma Tadeusza Kościuszki”, Warszawa 1947, s. 45-46)).

Вось толькі пасольства Расіі ў Беларусі, крытыкуючы шанаванне ў Беларусі Тадэвуша Касцюшкі, ні словам не ўпамянула пра тое, колькі помнікаў у Беларусі ўстаноўлена душыцелю паўстання 1794 года — расійскаму военачальніку Аляксандру Сувораву, што імем Суворава названа мінскае вучылішча для будучых беларускіх ваеннаслужачых.

Ізабэля Русінова, даследчыца: — Касцюшка меў масу добрых якасцей. Па-першае, ён прысвяціў усяго сябе Айчыне. Гэта было ў той час, калі многія магнаты — Чартарыйскія, Патоцкія, Радзівілы бралі грошы ў Расіі. А Касцюшка належаў да групы людзей з чыстымі рукамі. Невыпадкова ён стаў на чале паўстання, дзякуючы чаму увайшоў у нацыянальны пантэон. Але нікога іншага на яго месцы не было.

Рэшту жыцця Касцюшка правёў у Францыі. Але не падтрымаў Напалеона, які ішоў на Расію, хоць многія палякі, у т.л. шляхта з беларускіх зямель — напрыклад, бацька кампазітара Станіслава Манюшкі — Чэслаў, ваявалі на баку французскага імператара.

У апошнія гады жыцця Касцюшка хварэў, пакутуючы ад старых ран. 15 кастрычніка 1817 года ў дзесяць гадзін вечара Тадэвуш Касцюшка памёр ва ўзросце 71 года ад інсульту ў Швейцарыі.

А ідэя свабоды, за якую змагаўся Тадэвуш Касцюшка, натхняла і натхняе яго землякоў да сённяшняга дня.

4 лютага камісія Сейма Польшчы па міжнародных справах разам з Сеймам Літвы прыняла заяву, у якой сказана, што «Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года на Палессі, у гістарычным Вялікім Княстве Літоўскім, у межах сучаснай беларускай дзяржавы, незалежнасць якой для нас надзвычай важная».

У заяве адзначана, што «Тадэвуш Касцюшка з'яўляецца часткай агульнай спадчыны ўсіх народаў гістарычнай Рэчы Паспалітай і дэмакратычных традыцый ЗША, нашых агульных ідэалаў свабоды і незалежнасці і неад'емных правоў нашых грамадзян на годнае і свабоднае жыццё». Але, канстатуецца ў заяве, цяпер беларусы перажываюць складаны гистарычны перыяд.

Марак Кухціньскі,  старшыня камісіі Сейма Польшчы па міжнародных справах: — Мы заклікаем да пошуку новых і эфектыўных форм падтрымкі беларускага народа ў яго змаганні за дэмакратычны лад уласнай дзяржавы, чыю свабоду і незалежнасць лічым фундаментальна важнымі не толькі для стабільнасці і развіцця ў рэгіёне, але і для бяспекі Еўропы і трансатлантычнага свету.

Камісія Сейма Польшчы па міжнародных справах і Сейм Літвы ў сваёй заяве рэзюмуюць: «Мы ўспамінаем Тадэвуша Касцюшку, які сімвалізуе ідэю аб'яднання народаў вакол важных пытанняў, такіх як свабода і незалежнасць, а таксама павага да нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы памятаем яго, бо адчуваем сябе яго спадчыннікамі і ведаем, што ён надзвычай важны для многіх беларусаў».

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

 

 

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Беларусы, палякі і літоўцы ўшаноўваюць герояў паўстання 1863-1864 гадоў

28.01.2021 18:21
1 лютага 1863 года ў Літве і Беларусі следам за Каралеўствам Польскім было абвешчана аб пачатку Студзеньскага паўстання.