Разам з гэтым Расія інтэнсіфікуе абстрэлы цывільных аб’ектаў па ўсёй Украіне. На Захадзе пачынаюць казаць пра тое, што нельга пакінуць Украіну без падтрымкі.
Генеральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што за мінулыя суткі адбылося 69 баявых сутыкненняў з расійскімі войскамі. Расіяне нанеслі адзін ракетны і 45 авіяўдараў па ўкраінскіх пазіцыях і цывільных аб'ектах, здзейснілі 49 артылерыйскіх абстрэлаў. Уначы сапернік атакаваў Украіну 23 ударнымі БПЛА «Shahed-136/131» з Крыма і авіяцыйнай ракетай Х-59- з паветранай прасторы акупаванай Херсоншчыны. Украінская супрацьпаветраная абарона знішчыла 18 ударных БПЛА і авіяцыйную ракету, СПА спрацавала ў не менш чым 9 абласцях Украіны.
У выніку гэтых атак ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, сур'ёзна пашкоджаныя жылыя дамы і мірная інфраструктура. Так акупанты абстралялі дзіцячы садок у Шуменскім раёне Херсона. У будынку пашкоджаныя сцены, выбітыя шыбы. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпела 57-гадовая жанчына, якая знаходзілася на вуліцы. Расіяне ўдарылі С-300 па шматпавярховіку ў Наваградаўцы Данецкай вобласці. На сёння вядома аб трох ахвярах. З-пад завалаў разбомленага дома дасталі ўначы цела 8-гадовай дзяўчынкі.
Пад Бахмутам украінскія вайскоўцы адбілі 16 расійскіх атак і правялі некалькі контратак па варожых пазіцыях. Пад Аўдзеўкай пачалася трэцяя хваля наступу расіян. Пра гэта ў эфіры КИЇВ24 распавёў начальнік службы сувязі з грамадскасцю 47-й Брыгады Дзьмітро Лазуткін.
Некаторыя эксперты зазначаюць, што калі ўкраінцы не змогуць увесці рэзервы пад Аўдзееўкай, цягам тыдня расіяне могуць захапіць горад. Украінскія вайскоўцы ў сваю чаргу, пакуль, паспяхова дзейнічаюць на Херсоншчыне, утрымліваючы плацдармы на левым беразе Дняпра і праводзячы налёты ды абстрэлы расійскіх пазіцый ды складоў.
Актуальныя сітуацыя на фронце пачала выклікаць занепакоенасць на Захадзе. Былы дарадца прэзідэнта ЗША па бяспецы заклікае Кангрэс дапамагчы Украіне. Джон Болтан заявіў, што трэба «дзейнічаць хутка», каб падтрымаць Украіну ў вайне з Расіяй. Амерыканцы могуць забыць пра гэты канфлікт і звярнуць увагу на вайну ў Газе, што палегчыць перамогу Пуціну.
«Калі мы не дапаможам украінцам, у канчатковым выніку выйграе Расія», - сказаў Болтан, які працаваў у камандзе прэзідэнта Дональда Трампа, у нядзельным інтэрв'ю радыёстанцыі WABC. З падобным заклікам выступіў і Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.
- Чым больш мы будзем падтрымліваць Украіну, тым хутчэй скончыцца вайна. Мы павінны разумець, што перамога Пуціна стане трагедыяй для Украіны, але гэта таксама будзе небяспечна і для нас. У нашых уласных інтарэсах зрабіць усё так, каб Украіна перамагла.
Нямецкія ды амерыканскія вайсковыя эксперты дадаюць, што Захад павінен нарасціць выдаткі на армію, павялічыць выраб амуніцыі ды ўзбраення, як для Украіны, так і для сваіх арсеналаў.
Польскія вайскоўцы дадаюць, што, калі Захад хоча пазбегнуць вайны, краіны НАТА на ўсходнім флангу павінны прыняць 3-гадовы план, каб падрыхтавацца да канфрантацыі з Расіяй. Гэта час, калі на ўсходнім флангу павінен быць створаны патэнцыял, які будзе выразным сігналам стрымлівання агрэсіі, зазначыў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сівера.
Юры Ліхтаровіч