Вядомы ваенны аналітык і спецыялістка па расійскай арміі Дара Масікот з Фонду Карнегі апублікавала артыкул у часопісе Foreign Affairs «Час ва Украіне заканчваецца».
«Без нарошчвання заходняй ваеннай дапамогі і вялікіх змен у стратэгіі Кіева, становішча Украіны на полі бою працягне пагаршацца да таго часу, пакуль яно не дасягне пераломнага моманту, магчыма да лета, - піша Масікот. - Пры цяперашняй дынаміцы, калі патрэбы Украіны ў боепрыпасах і жывой сіле не задавальняюцца, украінскія часці пачнуць слабець, што ператварыць расійскія прарывы ў рэальную магчымасць. Але зараз час не для роспачы, а для тэрміновых дзеянняў. У расійскіх войск ёсць слабыя бакі, якімі можна карыстацца, і перавагі, якія з часам могуць скарачацца, але толькі калі Украіна атрымае тое, што ёй трэба, зараз».
У Расіі ёсць мяжа адносна колькасці людзей, якіх яна можа мабілізаваць, і колькасці тэхнікі і боепрыпасаў, якія яна здольная вырабіць. Гэта мяжа можа быць дасягнута да 2025 года, лічыць Масікот. Але калі фронт абваліцца раней, яшчэ сёлета, дык усё гэта не будзе мець значэння.
Эксперт заклікае тэрмінова зрабіць тры складаныя і непапулярныя рэчы: правесці новую мабілізацыю ў Украіне, рэзка нарасціць пастаўкі боепрыпасаў з Захаду (гэта ўключае і ЗША) і паскорыць будаўніцтва новых ліній абароны.
Крыніца: ВВС