Беларуская Служба

«Сітуацыя на фронце дае магчымасць наблізіцца да міру», - заявіў Уладзімір Зяленскі

10.10.2024 09:01
Такая заява прагучала падчас саміту «Украіна - Паўднёва-Заходняя Еўропа», які адбыўся ў харвацкім Дуброўніку.
    i
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі i прэм'ер Харватыі Андрэй ПленкавічPAP/EPA/ANTONIO BAT

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што сітуацыя на полі бою дае магчымасць наблізіцца да міру. Пра гэта ўкраінскі лідар казаў падчас саміту «Украіна - Паўднёва-Заходняя Еўропа», які быў арганізаваны ў харвацкім Дуброўніку.

«У кастрычніку, лістападзе і снежні ў нас ёсць шанец наблізіцца да міру і стабільнасці. Абстаноўка на полі бою дае нам магчымасць зрабіць такі выбар - гэта выбар рашучых дзеянняў, якія дазволяць нам спыніць вайну не пазней за 2025 год», — сказаў украінскі лідар.

Як адзначае незалежны партал «Медуза», прэзідэнт Украіны не ўдакладніў, што менавіта мае на ўвазе. Раней Уладзімір Зяленскі некалькі разоў заяўляў, што на наступным мірным саміце павінен прысутнічаць прадстаўнік Расіі. «Без гэтага ніякага выніку не дасягнём», - растлумачыў ён.

Пакуль вядома, што запланаваны на лістапад саміт не адбудзецца. Аднак Кіеў заяўляе, што паспрабуе арганізаваць такую ​​міжнародную сустрэчу да канца 2024 года.

Удзельнікі саміту «Украіна - Паўднёва-Заходняя Еўропа» падпісалі сумесную дэкларацыю ў падтрымку Украіны.

«Мы падпісалі рашучую падтрымку таго, што Украіна, як і іншыя еўрапейскія краіны, можа выбраць свой уласны шлях, сваю ўласную міжнародную пазіцыю», - сказаў прэм'ер Харватыі  Андрэй Пленкавіч.

Украінскі прэзідэнт задаволены дакументам. «Гэта моцны пасыл для ўсёй Усходняй Еўропы, якая выступае за сапраўдны мір і дыпламатыю, а не проста замарожванне вынікаў гэтай вайны», - сказаў Уладзімір Зяленскі.

Ён таксама паведаміў, што ў бліжэйшыя 24 гадзіны пачне перамовы з еўрапейскімі лідарамі аб далейшай ваеннай падтрымцы для Украіны.

IAR/аз

«Няма мовы, у якой мір быў бы сінонімам падпарадкавання, а суверэнітэт — сінонімам акупацыі». Дэбаты ў ЕП

09.10.2024 15:26
Дамінавала крытыка дзеянняў венгерскага ўрада.