Высокапастаўленыя палітыкі ў Еўрасаюзе пазітыўна адрэагавалі на згоду, каб Украіна выкарыстоўвала заходнюю зброю далёкага дзеяння для ўдараў па цэлях у глыбіні Расіі. Учора амерыканскія СМІ паведамілі, што згоду даў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Пазней з'явіліся паведамленні, што сваю згоду выразілі таксама Францыя і Вялікабрытанія, хаця прадстаўнік ураду ў Парыжы сёння афіцыйна гэтага не пацвердзіў.
Інфармацыю каментавалі ў Бруселі міністры замежных спраў краін-членаў і кіраўнік дыпламатыі ЕС. Французскі міністр сказаў, што дазвол Украіне атакаваць ваенныя аб'екты ў Расіі - гэта варыянт, які разглядаецца.
- Мы сказалі, што можам разгледзець гэта, калі гэта дазволіць Украіне наносіць удары па цэлях, з якіх Расія зараз атакуе тэрыторыю Украіны. З нашага боку нічога новага, — сказаў Жан-Ноэль Баро.
Рашэнне Злучаных Штатаў усцешыла асабліва кіраўніка дыпламатыі Еўрасаюза Жазэпа Барэля.
- Вы ведаеце маю пазіцыю. Я шмат разоў казаў, што Украіна павінна выкарыстоўваць тую зброю, якую мы ёй даем, каб спыняць не толькі расійскія ўдары, але і каб біць па месцах, адкуль яны наносяцца, — сказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Міністр замежных спраў Літвы назваў рашэнне аб зняцці абмежаванняў добрым. Габрыэлюс Ландсбергіс падкрэсліў, што Літва даўно казала пра неабходнасць такой згоды.
- Я пакуль не адкрываю шампанскага, таму што мы не ведаем, колькі ва Украіны ракет. Пытанне ў тым, ці дастаткова ракет атрымалі ўкраінцы, каб гэта значна паўплывала на поле бою, — дадаў кіраўнік літоўскага МЗС.
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербaк назвала рашэнне аб зняцці абмежаванняў важным. А прадстаўнік Нідэрландаў Каспар Вэлдкамп падкрэсліў, што гэта адпаведнае рашэнне ў адказ на прысутнасць паўночнакарэйскіх войск у Расіі.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча з самага пачатку прасіла дазволу на выкарыстанне Украінай дальнабойнай зброі. Кіраўнік Мінабароны падкрэсліў, што гаворка ідзе выключна пра ваенныя мэты.
- Мы адабраем гэтае рашэнне і нагадваем, што мы з самага пачатку казалі, што калі мы адпраўляем узбраенне ва Украіну, дык дзеля таго, каб яго выкарыстоўваць супраць ваенных аб’ектаў. Не павінна быць так, што Украіна мае абмежаванні, а Расія – не. І так можна ацаніць гэтае рашэнне.
Кіраўнік Мінабароны ўказаў на пастаянную пагрозу з боку Расіі і спаслаўся на апошнюю масіраваную расійскую атаку на Украіну, якая адбылася раніцай у нядзелю. «Польшча тады падняла па трывозе свае знішчальнікі», — нагадаў Касіняк-Камыш.
Украіна даўно звярталася да заходніх саюзнікаў з просьбай дазволіць ужываць зброю для ўдараў па вайсковых аб’ектах у Расіі, якія выкарыстоўваюцца Масквой падчас правядзення масіраваных налётаў на крытычную інфраструктуру і мірнае насельніцтва.
IAR/нг