Беларуская Служба

Еўрапейскія лідары правялі тэлеканферэнцыю па выніках сустрэчы на Алясцы (ДАПОЎНЕНА)

16.08.2025 11:45
У ёй удзельнічалі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы. 
 .
Ілюстрацыйная графіка.Фота: pixabay.com/Alexandra_Koch

Адбылася размова еўрапейскіх лідараў, якія ацанілі інфармацыю, перададзеную прэзідэнтам Трампам, і вынікі сустрэчы на Алясцы. Пра гэта паведаміў у сацсетках прэм’ер-міністр Дональд Туск. Як падкрэсліў ён у сваім допісе, разам з Эмануэлем Макронам, Фрыдрыхам Мерцам, Кірам Стармерам, Джорджай Мелоні і Уладзімірам Зяленскім яны выслухалі меркаванні пасля саміту Трамп–Пуцін. Кіраўнік польскага ўрада таксама паведаміў, што вядучыя еўрапейскія кіраўнікі падрыхтавалі сумесную заяву.

Раней Канцылярыя прэзідэнта паведаміла, што прэзідэнт Караль Наўроцкі раніцай прыняў удзел у тэлеканферэнцыі, арганізаванай Дональдам Трампам пасля ўчорашняй сустрэчы на Алясцы. У размове ўдзельнічалі еўрапейскія лідары, у тым ліку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

ДАПОЎНЕНА

У сумеснай заяве пасля сустрэчы амерыканскага прэзідэнта з Уладзімірам Пуціным на Алясцы еўрапейскія лідары выказалі задавальненне намаганнямі прэзідэнта Дональда Трампа спыніць кровапраліцце. 16 жніўня Дональд Трамп праінфармаваў іх аб сустрэчы праз відэаканферэнцыю.

У падрыхтаванай заяве палітыкі падкрэслілі сваю гатоўнасць «супрацоўнічаць з прэзідэнтам Трампам і прэзідэнтам Зяленскім у арганізацыі трохбаковага саміту пры падтрымцы Еўропы», і што сустрэча паміж лідарамі ЗША і самой Украіны стане наступным крокам да дасягнення пагаднення.

На думку еўрапейскіх лідараў, «Украіна павінна атрымаць жалезныя гарантыі бяспекі, каб эфектыўна абараняць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць (...), і Злучаныя Штаты гатовыя прадаставіць такія гарантыі бяспекі». У заяве таксама гаворыцца, што «Кааліцыя жадаючых гатовая гуляць актыўную ролю ў гэтым працэсе. Аднак ні ўзброеныя сілы Украіны, ні яе супрацоўніцтва з трэцімі краінамі не павінны падвяргацца якім-небудзь абмежаванням. Расія не можа мець права вета адносна ўступлення Украіны ў ЕС або НАТА». Заяву падпісалі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, а таксама прэзідэнты Еўрапейскай рады і Еўрапейскай камісіі Антоніа Коста і Урсула фон дэр Ляен.

IAR/нг