Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ноч на 1 верасня паведаміў пра затрыманне падазраванага ў забойстве народнага дэпутата, былога старшыні Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія.
«Міністр унутраных спраў Ігар Кліменка і кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк толькі што далажылі пра затрыманне падазраванага ў забойстве Андрэя Парубія», — напісаў украінскі лідар у сацсетках.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што працягваюцца неабходныя следчыя дзеянні і даручыў як мага хутчэй прадставіць грамадству наяўную інфармацыю. Палітык падзякаваў праваахоўным органам за аператыўную і зладжаную працу, падкрэсліўшы, што ўсе абставіны гэтага злачынства павінны быць высветленыя.
Пазней прэзідэнт Украіны паведаміў пра размову з генеральным пракурорам Русланам Краўчанкам. «Ён далажыў пра далейшыя працэсуальныя крокі адносна падазраванага. Ёсць першыя паказанні. Цяпер праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні для поўнага ўстанаўлення абставінаў забойства», — падкрэсліў Зяленскі.
Нацпаліцыя таксама апублікавала першыя фота затрыманага. Кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Іван Вігіўскі заявіў, што гэтае забойства не было выпадковым, і падкрэсліў наяўнасць «расійскага следу» ў гэтай справе.
эж