Паводле апытання IBRiS, праведзенага па замове газеты Rzeczpospolita, амаль 53% апытаных палякаў лічаць, што Польшча не павінна падтрымліваць уступленне Украіны ў НАТА.
Праціўнікамі з'яўляюцца ў асноўным выбаршчыкі правай партыі «Права і справядлівасць» (PiS), ультраправай партыі «Канфедэрацыі» (Kanfederacja) і левай партыі «Razem».
Рэспандэнтам было зададзена пытанне, ці павінна Польшча падтрымліваць уступленне Украіны ў НАТА.
33,5% апытаных падтрымалі такую палітыку. 52,7% выказаліся супраць, а 13,8% сказалі «не ведаю».
«Цэлых 59% выбаршчыкаў урадавай кааліцыі выказаліся за далучэнне Украіны да НАТА, 29% прыхільнікаў гэтага лагера не згодныя. Праціўнікамі з'яўляюцца ў асноўным прыхільнікі апазіцыі (PiS, Kanfederacja, Razem) — 74% адказаў», — паведамляе Rzeczpospolita.
«Група праціўнікаў падтрымкі інтэграцыі Кіева з Паўночнаатлантычным альянсам складаецца пераважна з мужчын (64%), людзей ва ўзросце каля 50 гадоў (61%), жыхароў сельскай мясцовасці (62%) і тых, хто мае пачатковую або прафесійна-тэхнічную адукацыю (71%). Гэтыя асобы дэкларуюць правыя погляды (70%) і ацэньваюць сваё эканамічнае становішча як даволі дрэннае (91%).
Часцей за ўсё праціўнікі далучэння да НАТА атрымліваюць навіны з грамадскага тэлебачання TVP (68%) або прыватнага правага TV Republika (65%).
Rzeczpospolita адзначае, што скептыцызм палякаў адносна Украіны ў НАТА паглыбляецца.
У жніўні 2023 года апытанне IBRiS паказала, што 47,7% не згодныя з тым, каб Украіна стала членам НАТА ўжо цяпер, у той час як 40% палякаў былі цалкам супраць. Цяпер - 53% «супраць», 33% - «за».
Апытанне праводзілася паміж 29 і 30 жніўня 2025 года на выбарцы з 1069 рэспандэнтаў.
яс