Уладзімір Зяленскі заклікае саюзнікаў Украіны перастаць купляць нафту ў Расіі. Учора прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы ўвесці сур’ёзныя санкцыі супраць Масквы, калі ўсе краіны НАТА прымуць падобныя меры і спыняць закупку расійскай нафты. Украінскі прэзідэнт у відэазвароце, апублікаваным у сацыяльных сетках, падкрэсліў, што змяншэнне прыбыткаў Расіі ад гандлю сыравінай абмяжуе магчымасці гэтай краіны весці вайну.
— Я прашу ўсіх партнёраў перастаць шукаць апраўданні, каб не ўводзіць санкцыі — Еўропа, Злучаныя Штаты, G7, G20. Мір — гэта шлях, які трэба прайсці, каб прыйсці ад вайны да міру. І санкцыі — частка гэтага шляху. Калі Пуцін не хоча міру, трэба яго да міру прымусіць.
Уладзімір Зяленскі таксама падкрэсліў, што парушэнне расійскімі дронамі польскай паветранай прасторы было папярэджаннем не толькі для Варшавы, але і для ўсёй Еўропы.
— Усе бачаць, што вайна Расіі супраць Украіны — гэта вайна Пуціна. Усе бачаць, што расійскія дроны супраць Польшчы, — гэта таксама вайна Пуціна. Гэта папярэджанне не толькі палякам, але і ўсёй Еўропе. Расійскія дроны могуць пераадольваць значна большыя адлегласці. Гэта ўжо вельмі працяглая вайна — вайна амбіцый, магчымасцяў і бюджэту Расіі — то бок расійскай нафты, газу, урану і іншых рэсурсаў, якія папаўняюць Пуціну касу.
Ноччу з аўторка на сераду (з 9.09 на 10.09) у паветраную прастору Польшчы зайшлі 19 БПЛА, частку з іх збілі польскія і натаўскія ўзброеныя сілы. Польшчу падтрымала саюзнае камандаванне НАТА Air Command (AIRCOM) і галандскія паветраныя сілы, знішчальнікі якіх адрэагавалі і дапамаглі збіць расійскія дроны.
ТГ-канал Уладзіміра Зяленскага
нг