«Згодна з міжнародным правам, тыя, хто прычыняе шкоду, павінны яе кампенсаваць, і гэта з'яўляецца прававой падставай для прапановы аб прадастаўленні Украіне рэпарацыйнага крэдыту з замарожаных расійскіх актываў», – заявіла кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас.
26 верасня Еўрапейская камісія прапанавала дзяржавам-членам ЕС выкарыстоўваць замарожаныя расійскія актывы для фінансавання рэпарацыйнага крэдыту ў памеры 140 мільярдаў еўра. ЕС выкарыстала б гэтыя сродкі для фінансавання крэдыту Украіне, які будзе вернуты толькі ў выпадку атрымання ваенных рэпарацый ад Расіі.
Перад самітам лідараў ЕС у Капенгагене Калас заявіла, што праца над крэдытам, які фінансуецца расійскім цэнтральным банкам, ідзе, але не ўсе дзяржавы-члены пагадзіліся. «Тэрміну няма», – падкрэсліла яна.
«У законе вельмі выразна гаворыцца, што фундаментальным прынцыпам міжнароднага права зʼяўляецца абавязак кампенсацыі прычыненай шкоды. І гэта аснова нашай прапановы. Расія ў цяперашні час наносіць велізарную шкоду Украіне. Няправільна, каб хтосьці, акрамя Расіі, за гэта плаціў», – падкрэсліла кіраўніца знешняй палітыкі ЕС, адказваючы на пытанне аб прававой падставе для выкарыстання расійскіх актываў.
«Калі нам трэба будзе далей развіваць палажэнні, мы можам зрабіць гэта гэтак жа, як мы рабілі з міжнароднымі трыбуналамі, гэтак жа, як мы рабілі з многімі рэчамі, якіх раней не існавала», – падкрэсліла Калас.
На пытанне аб юрыдычнай рызыцы для ЕС яна адказала, што «тыя краіны, якія не пачынаюць вайны супраць іншых, знаходзяцца па-за рызыкай».
ав