Украіна падпісала ліст аб намерах адносна куплі да 100 шматмэтавых самалётаў Дассо «Рафаль» (Dassault Rafale). Дакумент быў падпісаны 17 лістапада прэзідэнтамі абедзвюх краінаў, то бок падчас візіту Уладзіміра Зяленскага ў Парыжы.
Сярод іншых відаў французскай зброі, якіх датычыць згаданы ліст аб намерах, восем сістэм СПА сярэдняй далёкасці SAMP/T NG (Next Generation) з ракетамі Aster 30 B1 NT і радарамі GF300, 600 крылатых бомбаў Hammer і сістэмы барацьбы з беспілотнікамі. Купля згаданага ўзбраення павінна адбыцца на працягу трох гадоў.
Паводле старонкі defence24.pl, інфармацыя гучыць вельмі аптымістычна, асабліва ўлічваючы факт, што як сістэмы СПА, так і шматмэтавыя самалёты «Рафаль» пераўзыходзяць падобную расійскую зброю.
Самалёты «Рафаль», узброены ракетамі «Метэор», паводле часткі экспертаў, маглі б нават змяніць ход вайны і даць Украіне перавагу ў паветры – напрыклад, пачаць паляванне на франтавыя расійскія бамбардзіроўшчыкі Су-34.
Французскія самалёты былі выпрабаваны ў Егіпце супраць Су-35 і, паводле егіпецкіх крыніцаў, перавышаюць па класе расійскія машыны. Між тым, рэальныя магчымасці расійскіх Су-57 застаюцца пад пытаннем. Дарэчы іх колькасць на ўзбраенні расійскай арміі невялікая.
Аднак пад увагу трэба ўзяць праблему іншага характару. Па-першае, незразумела, дзе Украіна знойдзе грошы на ўвесь гэты пакет?
Адказам можа быць канфіскацыя сродкаў з расійскіх дэпазітаў, як у выпадку планаванай пакупкі 100-150 шведскіх самалётаў «Грыпен» (Gripen). Іншая магчымасць прафінансаванне закупкі за кошт сродкаў еўрапейскіх і іншых краінаў, якія падтрымліваюць Украіну.
Аднак, улічваючы цяперашнія цэны, 100 самалётаў «Рафаль» каштавалі б некалькі мільярдаў долараў. Не чапаючы расійскіх дэпазітаў (памер якіх ацэньваецца прыблізна ў 300 мільярдаў долараў), гэта будуць значныя выдаткі незалежна ад таго, што, хутчэй за ўсё, яны будуць размеркаваны на некалькі гадоў.
Другая праблема, на якую звяртае ўвагу старонка defence24.pl, гэта магутнасці вытворчых ліній самалётаў «Рафаль». У цяперашні час у кампаніі Dassault (Дассо)ёсць невыкананыя заказы амаль на 200 самалётаў, у тым ліку, для Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Інданезіі і Індыі. Пастаўкі ў Егіпет павінны скончыцца ў 2026 годзе.Таксама неўзабаве французская кампанія спадзяецца атрымаць заказ на 114 самалётаў ад Індыі.
Між тым, гадавая вытворчасць французскіх самалётаў дасягнула 24 машынаў, а планы ейнага павелічэння да 48 у год толькі што ажыццяўляюцца.
аз