Высокая прадстаўніца ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Кая Калас выказвае надзею, што на найбліжэйшым саміце Еўрасаюза ўдасца дамовіцца аб рэпарацыйнай пазыцы для Украіны. Механізм падтрымкі мае грунтавацца на выкарыстанні замарожаных расійскіх актываў, якія знаходзяцца на рахунках у Бельгіі і ацэньваюцца ў 185 млрд еўра.
«Мы яшчэ не дасягнулі гэтай мэты, але работа працягваецца. Гэта важна, бо можа цалкам змяніць сітуацыю ў многіх аспектах. Па-першае, гэта будзе сігнал для Расіі, што яна не можа нас перамагчы. Гэта таксама сігнал Украіне, што мы ёй дапамагаем. І гэта сігнал, што немагчыма пазбегнуць адказнасці за прынесеныя страты».
Паводле Каі Калас, рашэнне можа істотна паўплываць на ход вайны і ўзмацніць ціск на Маскву.
«Калі б усе нашы краіны-члены аказалі Украіне падтрымку, у тым ліку ваенную, у першыя месяцы вайны на такім узроўні, як цяпер, думаю, вынік быў бы іншым. Мы ведаем гэта цяпер, але вайна працягваецца ўжо чатыры гады. Тым не менш, я не згодная з крытыкай, напрыклад, адносна недастатковай актыўнасці Германіі. Удзел Германіі моцны, і яна таксама надае падтрымку».
Лідары сямі еўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Польшчу, Эстонію, Фінляндыю, Ірландыю, Латвію, Швецыю і Літву, разам з канцлерам Германіі заклікалі ЕС як мага хутчэй ухваліць рашэнне аб рэпарацыйнай пазыцы. У дасланым імі лісце падкрэсліваецца, што падтрымка дазволіць умацаваць абарону Украіны і палепшыць яе пазіцыі ў перамовах аб справядлівым і трывалым міры.
Сутнасць рэпарацыйнай пазыкі ў тым, што фінансаванне Украіны будзе забяспечана за кошт прыбыткаў ад замарожаных расійскіх актываў, каб Масква несла фінансавую адказнасць за нанесеную шкоду.
iar/эж