Украінцы скептычна ставяцца да вынікаў трохбаковай сустрэчы. 17 лютага ў Швейцарыі адбудзецца чарговы раўнд украінска-расійска-амерыканскіх мірных перамоваў.
Жэнеўскія перамовы – апошнія з серыі ўкраінска-расійска-амерыканскіх размоваў за апошнія тыдні. Раней сустрэчы ладзіліся ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах і ЗША.
Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што палова ўкраінцаў скептычна ставіцца да іх эфектыўнасці. Каля трыццаці працэнтаў рэспандэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглага погляду, астатнія не маюць канкрэтнага меркавання.
Сярод рэспандэнтаў Польскага радыё ў Кіеве пераважалі скептыкі. Адзін з іх, Аляксей, заявіў, што перамовы нічога канкрэтнага не далі, і што, прынамсі пакуль, вынікаў для Украіны няма.
Жэнеўскія перамовы разлічаны на два дні. На час перамоваў расіяне не спыняюць авіяўдараў па Украіне з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракет. Раніцай ва украінскай сталіцы гучала паветраная трывога.
Пасланцы з Кіева, Масквы і Вашынгтона павінны сустрэцца сёння ў Жэневе. Камюніке, якія папярэднічаюць перамовам, сведчаць аб тым, што Украіна гатовая да кампрамісаў, у той час як Расія хоча працягваць вайну.
Чакаецца, што сённяшнія перамовы будуць сканцэнтраваны на тэрытарыяльных пытаннях і пытаннях бяспекі. Крэмль не гатовы ісці на саступкі ні ў адной з гэтых сфер. Уладзімір Пуцін хоча зямлі, раззбраення Украіны і аддзялення ад заходніх саюзнікаў. Кіеў адмаўляецца на гэта пагаджацца.
«Каб выйсці з тупіка, патрэбна новая кропка адліку», – заявіў Польскаму радыё расійскі апазіцыйны палітолаг Аляксандр Марозаў. Паводле слоў эксперта, да мірных перамоваў павінны далучыцца Кітай або Індыя. «Крэмль маніпулюе пазіцыяй Злучаных Штатаў, таму ніякага прагрэсу не назіраецца. Я спадзяюся, што ў 2026 годзе, магчыма, у другой палове, сітуацыя зменіцца», – дадае прафесар Марозаў. Палітолаг, які ўдзельнічае ў форуме «Свабодная Расія» ў Вільнюсе, падкрэслівае, што Еўрапейскі Саюз павінен яшчэ больш актыўна ўдзельнічаць у перамовах, чым да гэтага часу.
ПР/юл