Падчас масіраванага расійскага нападу на Кіеў некалькі беспілотнікаў упала на Кіева-Пячэрскую лаўру. У выніку загарэўся дах царквы Успення Прасвятой Багародзіцы — галоўнага храма найважнейшага ўкраінскага і ўсходнеславянскага праваслаўнага манастырскага комплекса.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга асудзіў напад на Кіева-Пячэрскую лаўру. У эмацыйным пасце ў сацыяльных сетках ён адзначыў, што, напаўшы на адну з найважнейшых хрысціянскіх святынь, Пуцін назаўжды дадаў сваё імя ў спіс найвялікшых варвараў у гісторыі.
— Мы маем справу з расійскімі тэрарыстамі, чые злачынствы супраць культурнай спадчыны пераўзышлі нават Ісламскую дзяржаву. Толькі расійскія нягоднікі, для якіх няма нічога святога, маглі наўмысна пашкодзіць Кіева-Пячэрскую лаўру — унікальны аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мы тэрмінова актывуем усе іншыя міжнародныя механізмы, патрабуючы неадкладнага і адэкватнага рэагавання на гэты акт дзяржаўнага варварства, — напісаў Андрэй Сібіга ў сваім пасце.
Міністр замежных спраў Украіны дадаў, што яго краіна чакае рашучага адказу міжнароднай супольнасці, каб спыніць расійскае варварства.
У выніку масіраванага нападу Расіі на сталіцу Украіны загінулі, як мінімум, пяць чалавек, больш за дваццаць былі параненыя. Разбураныя будынкі ў шматлікіх раёнах Кіева.
IAR/аз