Украінскія беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння атакавалі паліўны склад за 300 км ад лініі фронту ў Краснадарскім краі і два нафтаперапрацоўчыя заводы, размешчаныя прыкладна за 1500 км ад лініі фронту ва Уфе, паведаміў у чацвер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
— Мінулай ноччу падраздзяленні Сіл абароны Украіны атакавалі паліўны склад у Палтаве ў Краснадарскім краі. Цэль знаходзілася прыкладна за 300 км ад лініі фронту. Сёння раніцай Служба бяспекі Украіны (СБУ) нанесла ўдары па двух нафтаперапрацоўчых заводах ва Уфе — «Башнафта-Уфанефтехім» і «Башнафта-Навойл». Абодва аб'екты размешчаны прыкладна за 1500 км ад лініі фронту», — напісаў Зяленскі ў Тэлеграме.
Прэзідэнт адзначыў, што Украіна рэалізуе план удару ўглыб Расіі.
— Расіянам варта думаць пра сапраўдную дыпламатыю, не спрабуючы зноў кагосьці падмануць або выйграць час. Гэтая вайна павінна скончыцца, — падкрэсліў ён.
СБУ пацвердзіла, што ўкраінскія беспілотнікі нанеслі ўдары па вытворчых абʼектах Уфімскага нафтаперапрацоўчага завода, ключавога абʼекта ў расійскім паліўна-энергетычным сектары.
— Пасля выбухаў на абодвух абʼектах узніклі пажары. Даступныя відэазапісы СМІ пацвярджаюць як мінімум дзве асобныя крыніцы пажару. Гараць устаноўкі атмасферна-вакуумнай перагонкі сырой нафты, якія лічацца «сэрцам нафтаперапрацоўчага завода і адказваюць за першасную перапрацоўку сырой нафты», — паведаміла прэс-служба СБУ.
СБУ таксама паведаміла, што мінулай ноччу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі паліўную базу ў Палтаве ў Краснадарскім краі. Паводле звестак службы, гэта буйны комплекс, прызначаны для прыёму, захоўвання і перагрузкі дызельнага паліва і бензіну.
— Сённяшнія далёкія ўдары, нанесеныя беспілотнікамі СБУ, у чарговы раз прадэманстравалі, што ў ворага няма бяспечнай базы нават за 1500 кіламетраў ад украінскай мяжы. Кожны паспяховы ўдар па нафтаперапрацоўчай, паліўнай і лагістычнай інфраструктуры павялічвае эканамічныя выдаткі вайны для Расіі, — падкрэслілі ў СБУ.
РАР/ав